Пошук

Annunciazione, sec. XII

Аўстрыя: 250 гадоў Венскага сінода

У 250-годдзе Венскага сінода каталіцкіх Цэркваў усходняй традыцыі з 30 мая па 1 чэрвеня 2023 года ў Вене праходзяць урачыстасці і сустрэчы грэка-каталіцкіх епіскапаў з Цэнтральнай Еўропы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Гаспадар сустрэчы – Ардынарыят Каталіцкіх Цэркваў усходняга абраду на чале з кардыналам Крыстафам Шонбарнам. Напярэдадні арцыбіскуп Венскі падкрэсліў, што мэтай сходу з'яўляецца "абмеркаванне як мінулых, так і сучасных душпастырскіх выклікаў у духу сінадальнасці”. Ён выказаў спадзяванне на тое, што “сустрэча паспрыяе ўмацаванню ролі Каталіцкіх Цэркваў усходняй традыцыі з Цэнтральнай Еўропы ў служэнні Паўсюднаму Касцёлу”.

Трохдзённае мерапрыемства пачалося 30 мая малітвай у капліцы замка Хофбург. Заўтра, 31 мая, у Арцыбіскупскім палацы пройдзе навуковая канферэнцыя. Яна будзе прысвечана асобным гістарычным постацям, а таксама літургічным, душпастырскім і кананічным пытанням.

У 1773 годзе імператрыца Марыя Тэрэзія склікала грэка-каталіцкіх епіскапаў венгерскай часткі манархіі Габсбургаў на Сінод у Вене. Па гэты дзень ён застаецца адной з найважнейшых гістарычных і заканадаўчых асноў для Усходніх Каталіцкіх Цэркваў у Цэнтральнай Еўропе. Гаворка ідзе пра епархіі Мукачава, Крыжэваца і Фэгараша, пастыры якіх удзельнічалі ў Венскім сінодзе. Пастановы сходу рэгулявалі жыццё Каталіцкіх Цэркваў усходняга абраду ў Габсбургскай манархіі да 1918 года.
 

30 мая 2023, 10:33