Пошук

Фестываль моладзі ў Меджугор’і Фестываль моладзі ў Меджугор’і  (Radio Medjugorje Mir)

Апостальскі візітатар аналізуе сітуацыю ў Меджугор'і

Апостальскі візітатар, адказны за парафію ў Меджугор'і, арцыбіскуп Альда Кавалі распавёў пра сітуацыю ў гэтым марыйным месцы пілігрымак у Босніі і Герцагавіне.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Нядаўна створаны Святым Пасадам Цэнтр даследавання з'яў і містычных феноменаў, звязаных з Найсвяцейшай Дзевай Марыяй, “неабходны, таму што мы маем справу з вялікай колькасцю меркаваных аб’яўленняў, і ўсе яны, у тым ліку звязаныя з імі цуды, павінны быць вывучаны”, - сказаў 76-гадовы іерарх у інтэрв’ю сайту Aleteia, апублікаваным 15 мая 2023 года.

"Каталіцкі Касцёл хоча, каб былі знойдзеныя агульныя крытэрыі, якія можна было б ужываць пры расследаванні ўсіх паведамленняў пра аб’яўленні", - заўважыў арцыбіскуп Кавалі. Ён растлумачыў, што гэтую задачу можа ўзяць на сябе новы Цэнтр. Таксама важна дапамагчы вернікам у сітуацыях супярэчлівых аб’яўленняў.

Што тычыцца канкрэтна меркаваных аб’яўленняў у Меджугор'і, на дадзены момант няма ніякай інфармацыі аб ходзе даследавання, неабходна дачакацца ацэнкі. Італьянскі іерарх не надае асаблівага значэння таму, што ў гісторыі да гэтага часу не было прэцэдэнту 42-гадовай працягласці аб’яўленняў. “У Бога ёсць свабода волі рабіць усё, што Ён хоча”, - сказаў Кавалі.

Адказваючы на пытанне пра стаўленне Папы да Меджугор'я, арцыбіскуп прызнаўся, што Францішак "вельмі рады" таму, што гэта – "месца малітвы". Тым не менш, у адрозненне ад Лурда ці Фацімы, Меджугор'е застаецца толькі парафіяй. Аднак Пантыфік у 2019 годзе дазволіў афіцыйныя пілігрымкі ў Меджугор'е, а значыць і суправаджэнне груп паломнікаў святарамі і біскупамі. У выніку толькі летась сюды прыехалі агулам 30 тысяч святароў. "Касцёл рухаецца крок за крокам, але дзейнічае", - сказаў апостальскі візітатар.

Ватыканскі дыпламат, які сам жыве ў Меджугор’і і кожны дзень цэлебруе Імшу на харвацкай мове, паказаў на “вялікую свабоду”, якая тут пануе. Кожны, хто хоча наведаць гэта месца або візіянераў, можа гэта зрабіць, кожны можа “ўсё праверыць на сабе” і скласці сваё меркаванне.

Арцыбіскуп Кавалі падтрымлівае сяброўскія адносіны з усімі візіянерамі Меджугор’я і часта размаўляе з імі, прымае іх запрашэнне або запрашае да сябе. “Для мяне самае галоўнае, што яны – нармальныя людзі”, - сказаў іерарх і прызнаўся, што бачыць тут падабенства з Лурдам і Фацімай. У цэнтры гэтых ужо прызнаных месцаў марыйных аб’яўленняў таксама былі "звычайныя дзеці".

Арцыбіскуп Альда Кавалі з Папам Францішкам
Арцыбіскуп Альда Кавалі з Папам Францішкам

Тыя, хто наведвае герцагавінскую вёску з турыстычнымі мэтамі, не знаходзяць тут нічога, - адзначыў Кавалі. Але інакш адбываецца з людзьмі, якія прыязджаюць з рэлігійнымі памкненнямі: “Кожны, хто прыходзіць сюды памаліцца, трапляе ў месца ласкі”. Цвяроза гледзячы, – “у Меджугор’і адбываецца тое ж, што і ў любым іншым касцёле”. Аднак большасць паломнікаў з'язджаюць "з праектам – калі яны вернуцца дадому, будуць жыць інакш, чым жылі раней", таму што "тут ёсць нешта, што заклікае да гэтага". Гэта месца прыносіць "шмат духоўных плёнаў", у тым ліку шмат пакліканняў да святарства, кансэкраванага жыцця і стварэння сям'і. Ёсць таксама паведамленні аб фізічных вылячэннях.

Важнай справай арцыбіскуп Кавалі лічыць тое, каб “Меджугор’е заставалася месцам чыстай ласкі”. Тут павінны пераважаць не эканамічныя інтарэсы, а душпастырства і духоўнасць. З гэтым звязана і місія візітатара, якому Папа даручыў суправаджэнне пілігрымаў і душпастыркую дапамогу.

Меджугор'е з'яўляецца адным з найбуйнейшых месцаў паломніцтва католікаў у свеце. Вёска стала вядомай дзякуючы меркаваным аб’яўленням Марыі, якія з 1981 года назірае група мясцовых візіянераў; аб’яўленні адбываюцца і сёння з перыядычнасцю раз у год, месяц, а часам і штодня.

Святы Пасад некалькі разоў даследаваў феномен. Апошні і найбольш дэталёвы на сённяшні дзень аналіз правяла камісіяй пад кіраўніцтвам кардынала Каміла Руіні ў перыяд з 2010 па 2014 гады. Яго вынікі пакуль не апублікаваны.

У 2017 годзе Францішак накіраваў сюды свайго спецыяльнага пасланніка з мэтай суправаджэння пілігрымаў – спачатку гэта быў польскі арцыбіскуп Генрык Хосэр, а з 2021 года яго наступнікам стаў італьянскі арцыбіскуп Альда Кавалі. У 2019 годзе Папа зняў забарону на афіцыйныя пілігрымкі ў Меджугор’е.
 

17 мая 2023, 11:03