Пошук

Лагатып Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэсу ў Кіта Лагатып Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэсу ў Кіта 

Абнародаваны лагатып 53-га Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэсу

У Эквадоры быў прадстаўлены афіцыйны лагатып 53-га Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэсу, які пройдзе 8-15 верасня 2024 года ў сталіцы гэтай краіны, горадзе Кіта.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Сімвал адлюстроўвае тэму форума: Братэрства дзеля аздараўлення свету. Усе вы – браты. Ён выкананы ў колерах дзяржаўнага эквадорскага сцяга: у ім спалучаюцца сіні, чырвоны і жоўты элементы – адпаведна крыж, сэрца і гостыя.

Канферэнцыя Біскупаў Эквадора нагадала, што “крыж Хрыста ўваходзіць у цела свету, каб залячыць раны, адкрытыя грахом: непаслухмянасцю перад Богам, злоўжываннямі ў адносінах да бліжняга і эксплуатацыяй навакольнага асяроддзя”. Езус жа, сваімі раскрытымі на крыжы рукамі, “абдымае ўсіх як братоў, што прымірыліся з Нябесным Айцом”.

Іншы элемент лагатыпу – гэта прабітае сэрца Хрыста, якое з’яўляецца крыніцай любові і абнаўлення, жыцця і прымірэння,  бо раны Уваскрослага “аздараўляюць, тут і зараз, усе раны, яшчэ адкрытыя нянавісцю, варожасцю, насіллем і смерцю.”

Выява гостыі, у сваю чаргу, нагадвае пра Эўхарыстыю, якая з’яўляецца “вяршыняй і крыніцай усяго хрысціянскага жыцця”. Эўхарыстыя – гэта повязь братэрства, бо “эўхарыстычная цэлебрацыя збірае нас за адным сталом як дзяцей аднаго Айца”, - гаворыцца паведамленні эквадорскага епіскапату.

Па баках ад галоўных элементаў лагатыпу змешчаны надпісы, якія нагадваюць, што форум пройдзе ў горадзе Кіта ў 2024 годзе, які, у сваю чаргу, знаходзіцца на нулявой паралелі. Сталіца Эквадора “раскідвае свой шацёр, каб стаць велізарным эўхарыстычным горадам, дзе мы ўсе запрошаны прыняць удзел у гэтай вялікай мары аб братэрстве, адкупленым і аздароўленым дасканалай любоўю Хрыста, любоўю якая заўсёды апярэджвае нас, любоў, якая ў гэтую гадзіну гісторыі дапамагае нам усвядоміць словы: “Усе вы – браты” (Мц 23,8).

Міжнародныя эўхарыстычныя кангрэсы праводзяцца раз у чатыры гады. Яны спадарожнічаюць гісторыі Касцёла з канца ХІХ стагоддзя. Першы форум адбыўся ў французскім Лілі ў 1881 годзе. Папярэдні павінен быў адбыцца ў 2020 годзе ў венгерскім Будапешце, але ў сувязі з пандэміяй каронавіруса адбыўся там жа годам пазней.
 

22 мая 2023, 10:39