Пошук

Францішак у Венгрыі. Архіўнае фота Францішак у Венгрыі. Архіўнае фота  (AFP or licensors)

Венгрыя: больш за 10 тысяч маладых людзей на сустрэчы з Папам

Гэта будзе адзін з асноўных момантаў трохдзённага папскага візіту ў Венгрыю: больш за 10 тысяч маладых людзей збяруцца 29 красавіка 2023 года ў зале імя Ласла Папа ў Будапешце на сустрэчу з Францішкам.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Як паведамляе інтэрнэт-партал Magyar Kurir, на запланаванай на другую палову дня сустрэчы моладзі чацвёра вернікаў, у тым ліку студэнт і маладыя грэка-католікі, падзеляцца з Пантыфікам сведчаннямі. Затым ён звернецца з прамовай і памоліцца Ойча наш разам з тысячамі маладых людзей.

Перад самой сустрэчай з Папам будзе арганізавана насычаная азнаямленчая праграма: пакажуць кінафрагменты з жыцця Францішка, прагучаць супольныя малітвы і песні, у тым ліку афіцыйная песня папскага візіту: Camino – Хрыстус наша будучыня. Нават пасля таго, як Святы Айцец пакіне спартыўную арэну, моладзевая праграма будзе працягвацца праз “адарацыю, праслаўленне і спевы”.

“Усё будзе прасякнута духоўнасцю і атмасферай малітвы”, - патлумачыў біскуп Паланкі. Такая сустрэча ўжо адбывалася ў тым жа месцы падчас 52-га Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэса ў 2021 годзе. “Для маладых людзей гэта было асаблівае, незабыўнае ўражанне. Нялёгка перадаць словамі тыя духоўныя перажыванні, якія там прысутнічалі. Гэта трэба перажыць, і я спадзяюся, што так адбудзецца і на гэты раз”, - сказаў біскуп Ферэнц Паланкі.

Маладыя венгры рыхтуюцца да сустрэчы са Святым Айцом, чытаючы Christus Vivit – апостальскую адгартацыю Францішка, якая з’явілася пасля Сінода на тэму моладзі.

“Касцёл у Венгрыі вельмі прыхільна ставіцца да душпастырства сем’яў і моладзі”, - сказаў ксёндз Корнэль Фабры, дырэктар Нацыянальнага душпастырскага інстытута. “Ва ўсё больш секулярным кантэксце робяцца намаганні на карысць дыялогу паміж пакаленнямі і культуры клопату, каб супрацьстаяць тэндэнцыі грамадства выкідваць грошы на вецер”, - дадаў ён.

Святар падкрэсліў, што важным душпастырскім заданнем з’яўляецца спрыянне еднасці моладзі і старэйшага пакалення. “У Венгрыі розныя пакаленні ў сям’і больш не жывуць разам. У сельскай мясцовасці ёсць вялікія дамы, дзе раней усе жылі разам. Сёння гэта вялікая рэдкасць. Тым не менш, у нашых касцёлах мы спрыяем дыялогу паміж маладымі і пажылымі”, - сказаў дырэктар Нацыянальнага душпастырскага інстытута.
 

26 красавіка 2023, 11:42