Пошук

Папа Францішак і біскуп Аляксандр Язлавецкі і Папа Францішак і біскуп Аляксандр Язлавецкі і  

Украінскі біскуп: дзякуем Богу за надзею на ўваскрасенне краіны

Вернікі ва Украіне ўжо другі год запар святкуюць Вялікдзень ва ўмовах шырокамаштабнай вайны, працягваючы спадзявацца на хуткае завяршэнне расійскага ўварвання, - падзяліўся біскуп Аляксандр Язлавецкі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Мы ўсе адчуваем, што Бог тут на нашым баку. У вернікаў няма ніякіх сумневаў, што Бог на нашым баку (…). Мы дзякуем Яму за гэтую надзею на ўваскрасенне нашай краіны, якую мы дагэтуль не страцілі”, - падкрэсліў у інтэрв’ю Vatican News дапаможны біскуп Кіеўска-Жытомірскай дыяцэзіі.

Іерарх зазначыў, што сёлетняе святкаванне Пасхі праходзіла ў крыху іншай атмасферы, у параўнанні з мінулым годам, калі страх за страту дзяржавы, хаос і навізна ўзброенага нападу адчуваліся мацней. Ён адзначыў, што цяпер існуе пэўная прызвычаенасць да сітуацыі, а біскупы нават аднавілі кананічныя візітацыі парафій.

Знешнія абставіны неспрыяльныя, але з іншага боку яны прымушаюць глядзець на рэчы вачыма веры, - прызнаўся біскуп Язлавецкі, дадаючы, што чуў як людзі параўноўвалі час вайны з доўгім Вялікім тыднем, а прабыванне ў падземных сховішчах падчас ракетных удараў – са знаходжаннем Езуса ў магіле перад уваскрасеннем.

Біскуп адзначыў, што вайна навучыла многіх людзей быць больш уважлівымі да бліжніх. “Мы шмат чаму вучымся: мы вучымся быць хрысціянамі, нават не называючы сябе імі. На вайне, калі хочам быць добрымі людзьмі, калі хочам дапамагаць іншым, быць салідарнымі з іншымі і калі хочам працаваць, каб наблізіць мір, мы павінны паводзіць сябе як хрысціяніне”, - сказаў ён, дадаючы, што важную ролю грае таксама салідарнасць іншых краін з Украінай. “Раны зажываюць і загойваюцца паступова, на гэта патрэбны час, і пытанне ў тым, ці знойдуцца пасля заканчэння вайны людзі, якія застануцца з намі, пакуль гэтыя раны не зажывуць”, - падкрэсліў дапаможны біскуп Кіеўска-Жытомірскай дыяцэзіі.
 

11 красавіка 2023, 13:49