Пошук

Дэманстранты патрабуюць справядлівасці для ахвяр тэрактаў у Шры-Ланцы. Ілюстрацыйнае фота Дэманстранты патрабуюць справядлівасці для ахвяр тэрактаў у Шры-Ланцы. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Шры-Ланка: Касцёл працягвае патрабаваць праўды пра выбухі

Касцёл Шры-Ланкі ўсё яшчэ патрабуе справядлівасці ў сувязі з тэрактамі ў Вялікдзень 2019 года, у выніку якіх загінуў 261 чалавек. Вінаватыя дагэтуль не знойдзеныя.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У чацвёртую гадавіну з дня выбухаў у Шры-Ланцы Касцёл працягвае заяўляць пра ўтойванне фактаў і дамагацца справядлівасці, заклікаючы да міжнароднага расследавання пад кіраўніцтвам ААН.

21 красавіка 2019 года восем тэрарыстаў-смяротнікаў атакавалі два каталіцкія касцёлы, царкву евангелістаў, тры гатэлі, а таксама жылы комплекс і гасцявы дом. У выніку нападу 261 чалавек загінуў. Арцыбіскуп Каломба, кардынал Малькальм Ранжыт, паставіў пад сумнеў версію ўрада аб нападах і заклікаў да міжнароднага расследавання.

“Мы лічым, што пошук справядлівасці і раскрыццё праўды – паслуга, якую мы можам аказаць усёй нашай краіне”, - такую ацэнку намаганням мясцовага Касцёла па дасягненню судовага пераследу вінаватых даў сакратар юрыдычнай групы архідыяцэзіі Каломба, ксёндз Джуліян Патрык Перэра. У інтэрв'ю ватыканскім СМІ ён паскардзіўся на адсутнасць правасуддзя, заявіўшы, што “не было завершана належнае расследаванне”.

"Для адводу вачэй вядзецца свайго роду судовы працэс, узбуджаны супраць прыкладна 25 членаў так званага тэрарыстычнага руху, але абвінавачванні вельмі павярхоўныя", - адзначыў ксёндз Перэра, дадаючы, што эксперты ў галіне права лічаць, што справа, якая складаецца з 23 тысяч абвінавачванняў ніколі не можа быць дакладна разгледжана ў судзе: "Ці магчыма разгледзець 23 тысячы абвінавачванняў і апытаць столькі сотняў людзей?”

Аднак, паводле эксперта, пэўны прагрэс быў дасягнуты ў сярэдзіне студзеня 2023 года, калі Вярхоўны суд Шры-Ланкі вынес абвінаваўчы прысуд у халатнасці былому прэзідэнту Сірысене і чатыром высокапастаўленым супрацоўнікам службы бяспекі. У якасці кампенсацыі сем'ям ахвяр яны выплацілі 100 млн рупій (273 тысячы даляраў ЗША). Гэты прысуд адкрывае новыя магчымасці для грамадзянскіх цяжбаў у судах іншых краін, паколькі ў выніку нападаў загінулі 45 замежных грамадзян. На думку ксяндза Перэра, на падставе гэтага абвінаваўчага прысуду сем'і гэтых ахвяр могуць падаць у суд на ланкійскіх чыноўнікаў з патрабаваннем кампенсацыі.

Акрамя таго, Касцёл таксама разглядае дадатковы юрыдычны варыянт – правядзенне міжнароднага расследавання пры падтрымцы ААН. Выступаючы на 52-м пасяджэнні Савета па правах чалавека, які праходзіў у Жэневе з 27 лютага па 4 сакавіка 2023 года, ксёндз Перэра падкрэсліў, што суды Шры-Ланкі не вынеслі крымінальных прысудаў арганізатарам тэрактаў, і заклікаў ААН прымяніць універсальную юрысдыкцыю для расследавання выбухаў.

У інтэрв'ю ён прызнаўся, што збіраць доказы і звязвацца са сведкамі было цяжка. “На міжнародным узроўні гэта будзе яшчэ больш складана”, - лічыць эксперт. - Аднак Каталіцкі Касцёл з'яўляецца адным з нямногіх інстытутаў, які валодае “неабходнымі сродкамі”, каб дамагацца справядлівасці ў Шры-Ланцы.

“Хто яшчэ будзе займацца падобнымі рэчамі на міжнародным узроўні, калі не мы?” - запытаў ён, адзначаючы, што гвалт часта папярэднічае выбарам у Шры-Ланцы. "Такога роду рэчы – забойствы, гібель людзей – адбываліся ўсе гэтыя гады, іх замоўчвалі", - сказаў святар. - "Кожны раз, калі праходзяць выбары, падобныя рэчы з'яўляюцца неад'емнай часткай палітычнай кампаніі".

Святар адзначыў, што Касцёл Шры-Ланкі дамагаецца справядлівасці не толькі для католікаў, але і для ўсяго насельніцтва краіны, таму што “пакуль мы не знойдзем сапраўдных вінаватых, мы не зможам быць свабоднай краінай".

“Мы ўмеем дараваць, - сказаў святар. - Мы жадаем дараваць, але мы павінны ведаць, каму дараваць... Дзякуй Богу, мы дамагліся вялікага прагрэсу і будзем працягваць змагацца”, - заключыў сакратар юрыдычнай групы архідыяцэзіі Каломба.

09 красавіка 2023, 10:59