Пошук

Кардынал Дамінік Дука Кардынал Дамінік Дука   (ANSA)

Прага: кардыналу Дуку спаўняецца 80

26 красавіка 2023 года арцыбіскуп-эмерыт Пражскі, кардынал Дамінік Дука адзначыць 80-гадовы юбілей. Гэта азначае, што ён страціць права ўдзельнічаць у магчымым канклаве. Колькасць кардыналаў-выбаршчыкаў скароціцца да 122.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Дамінік Дука нарадзіўся 26 красавіка 1943 года ў горадзе Градзец-Кралавэ ва Усходняй Багеміі. 6 студзеня 1969 года ён прынёс першыя манаскія абяцанні ў Ордэне Прапаведнікаў, а 22 чэрвеня 1970 года атрымаў святарскае пасвячэнне. На працягу пяці гадоў працаваў у розных парафіях Пражскай архідыяцэзіі. Вучыўся на тэалагічным факультэце ў Літамержыцы, а ў 1979 годзе абараніў ліцэнцыят па тэалогіі ў Варшаве.

У 1975 годзе дзяржаўныя ўлады забаранілі яму працаваць святаром, і на працягу амаль пятнаццаці гадоў, да 1989 года, Дамінік Дука быў чарцёжнікам на заводзе Шкода. Нягледзячы на гэта, ён заставаўся падпольным магістрам навіцыяў і выкладчыкам тэалогіі. З 1986 па 1998 гады быў правінцыялам дамініканаў Багеміі і Маравіі. У 1990-1999 гадах працаваў дацэнтам на тэалагічным факультэце ў Оламаўцы, выкладаў увядзенне ў Святое Пісанне і біблейскую антрапалогію. 6 чэрвеня 1998 года быў прызначаны біскупам дыяцэзіі Градзец-Кралавэ. 13 лютага 2010 года змяніў кардынала Міласлава Влка на пасадзе арцыбіскупа Пражскага.

6 студзеня 2012 года было абвешчана, што Бэнэдыкт XVI увядзе Дамініка Дуку ў Калегію кардыналаў на кансісторыі 18 лютага 2012 года.

13 мая 2022 года Францішак прыняў адстаўку кардынала Дукі з пасады арцыбіскупа Пражскага і прызначыў яго пераемнікам арцыбіскупа Яна Граўбнера.

Да канца 2023 года яшчэ васьмі кардыналам споўніцца 80 гадоў.
 

25 красавіка 2023, 13:35