Пошук

Папа Францішак і Патрыярх Тавадрас ІІ Папа Францішак і Патрыярх Тавадрас ІІ 

Францішак і Тавадрас ІІ умацуюць копцка-каталіцкае сяброўства

З нагоды Дня сяброўства паміж коптам і католікамі, які адзначаецца 10 мая, Рым наведае Патрыярх Копцкай Праваслаўнай Царквы Тавадрас ІІ. Пра значэнне гэтай падзеі распавёў Vatican News айцец Гіацынт Дэстывель.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Тавадрас ІІ будзе знаходзіцца ў Вечным горадзе з 9 па 14 мая 2023 года. Нагодай стане 50-годдзе гістарычнай сустрэчы Паўла VI і Шэнуды ІІІ, якая адбылася 10 мая 1973 года ў Рыме і стала важнай вяхой у збліжэнні Каталіцкага Касцёла і Копцкай Праваслаўнай Царквы, - зазначыў прадстаўнік Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству. Іншай нагодай для візіту стане 10-годдзе першай сустрэчы Патрыярха з Францішкам, якая адбылася праз некалькі месяцаў пасля абрання Хорхэ Бэрголіа Наступнікам святога Пятра.

10 мая Тавадрас ІІ возьме слова падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы святога Пятра, якую будзе праводзіць Папа. Дамініканін нагадаў, што ў 2012 годзе, на агульнай аўдыенцыі разам з Бэнэдыктам XVI прысутнічаў армянскі Каталікос Гарэгін ІІ, але ён тады не звяртаўся да прысутных.

11 мая Папа прыме прадстаяцеля Копцкай Праваслаўнай Царквы на прыватнай аўдыенцыі, падчас якой прадугледжаны момант супольнай малітвы, а 14 мая Патрыярх узначаліць літургію для копцкіх вернікаў у рымскай базыліцы святога Яна на Латэране.

Айцец Гіацынт Дэстывель звярнуў увагу на гістарычнае значэнне гэтай падзеі, бо “ўпершыню некатолік будзе служыць у папскай катэдры”. Ён заўважыў, што ў Італіі пражывае каля 100 тысяч коптаў, таму вельмі верагодна, што храм будзе перапоўненымі вернікамі. Тавадрас ІІ будзе цэлебраваць літургію не на папскім алтары: ён будзе мець свой, прызначаны для копцкага абраду. Святар падкрэсліў, што дазвол на яе правядзенне ў папскай базыліцы з’яўляецца братэрскім жэстам да копцкай Царквы.

Ватыканскі эксперт па экуменізме нагадаў, што пасля 1500 гадоў падзелу паміж Каталіцкім Касцёлам і Копцкай Праваслаўнай Царквой, у аснове якога ляжалі супярэчнасці адносна хрысталагічных пытанняў, што ўзніклі на Халкідонскім Саборы, пацяпленне адносін паміж канфесіямі пачалося на Другім Ватыканскім Саборы, на якім копты прысутнічалі ў якасці назіральнікаў.

У 1968 годзе Патрыярх Кірыл VI запрасіў Паўла VI наведаць Каір з нагоды пасвячэння новай катэдры. Папа не змог зрабіць гэтага, але перадаў копцкай супольнасці рэліквіі святога Марка, якія былі вывезены ў IX стагоддзі венецыянскімі купцамі. Гэты жэст даў пачатак новым стасункам паміж Цэрквамі.

У 1973 годзе, з нагоды 1600-годдзя смерці святога Афанасія, па запрашэнні Паўла VI у Рым прыбыў Копцкі Патрыярх Шэнуда ІІІ. 10 мая імі была падпісана славутая хрысталагічная дамова, якая паклала канец тэалагічным супярэчнасцям Халкідонскага Сабора, выражаючы супольную веру ў Езуса Хрыста як сапраўднага Бога і сапраўднага чалавека. Дакумент стаў прыклалам для падобных пагадненняў з іншымі Праваслаўнымі Цэрквамі, якія прызнаюць тры першыя Экуменічныя Саборы. У памяць пра яго падпісанне адзначаецца Дзень сяброўства паміж коптамі і католікамі.
 

24 красавіка 2023, 11:15