Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Статыстыка: католікі складаюць 17,67% насельніцтва свету

У ватыканскіх кнігарнях з’явіліся два статыстычныя даведнікі Касцёла: Annuario Pontificio 2023 і Annuarium Statisticum Ecclesiae 2021. Апрацоўкай даных займалася Цэнтральная статыстычная служба Каталіцкага Касцёла.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папскі штогоднік утрымлівае інфармацыю пра жыццё Каталіцкага Касцёла ў свеце з 1 снежня 2021 года па 30 лістапада 2022 года.

За гэты перыяд былі створаны чатыры біскупскія кафедры (тры дыяцэзіі і адна епархія); дзве дыяцэзіі былі аб'яднаны ў адну; адна тэрытарыяльная прэлатура стала дыяцэзіяй; адна дыяцэзія – апостальскім экзархатам.

У Annuarium Statisticum Ecclesiae прыводзяцца даныя аб асноўнай дынаміцы, якая характарызавала душпастырскую дзейнасць у 3030 касцёльных адзінках у свеце.

На планетарным узроўні колькасць ахрышчаных католікаў павялічылася з 1 360 мільёнаў у 2020 годзе да 1 378 мільёнаў у 2021 годзе, з адноснай зменай на +1,3%. Гэты прырост толькі крыху ніжэйшы за прырост насельніцтва Зямлі, якое за той жа перыяд павялічылася з 7 667 да 7 786 мільёнаў чалавек.

Калі ў Афрыцы колькасць католікаў вырасла на 3,1%, то ў Еўропе, наадварот, назіраецца практычная стабільнасць; таксама назіраецца рост у Азіі (+0,99%) і Амерыцы (+1,01%). У 2021 годзе католікі складалі 17,67% насельніцтва свету.

Паводле апошніх звестак, якія адносяцца да 2021 года, колькасць каталіцкага духавенства ў свеце складала 462 388 чалавек, з іх 5 340 – біскупы, 407 872 – святары, 49 176 пастаянныя дыяканы. У параўнанні з 2020 годам гэтыя лічбы меншыя на 0,39%.

Тэндэнцыя зніжэння ўжо некалькі гадоў закранае групу манахаў, якія не з'яўляюцца святарамі: калі ў 2020 годзе іх было 50 569, то годам пазней – 49 774, з ваганнем у –1,6%. Агульная колькасць каталіцкіх манахінь у 2021 годзе складала 608 958 асоб.

З 2013 года працягвае зніжацца колькасць семінарыстаў. У 2021 годзе іх было 109 895. 61% належалі да дыяцэзій, а 39% – да манаскіх кангрэгацый.
 

04 сакавіка 2023, 11:16