Пошук

Кардынал Вальтэр Каспер Кардынал Вальтэр Каспер 

Кардынал Каспер: Касцёл стаіць перад эпахальным узрушэннем

“Цалкам немагчыма”, каб пастановы аб пасвячэнні жанчын або “ідэя дэмакратычнага ўдзелу ў кіраўніцтве Касцёлам” узялі верх на ўзроўні Паўсюднага Касцёла, - падкрэсліў кардынал Вальтэр Каспер, каментуючы ініцыятывы ў Германіі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На думку 90-гадовага нямецкага іерарха, прычына касцёльнага крызісу ляжыць "значна далей і глыбей", чым, напрыклад, актуальны скандал са злоўжываннямі. Ён закранае "ўвесь заходні свет". "Касцёл перажывае эпахальнае ўзрушэнне. Не можна проста жыць як раней, гэта бясспрэчна", - адзначыў ён.

Старшыня-эмерыт Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству пракаментаваў інфармацыйнаму агенцтву Kathpress сітуацыю вакол нямецкага праекта Сінадальны шлях. Ён лічыць, што нямецкія сінадалы не хочуць касцёльнага расколу, але, папярэдзіў ён, да такой сітуацыі можа дайсці.

Кардынал заклікаў нямецкіх біскупаў сур'ёзна паставіцца да просьбаў іншых біскупскіх канферэнцый на тэму нямецкага Шляху. "Касцёл – гэта не дэмакратыя", - сказаў ён. Нельга “вынаходзіць” новы Касцёл.

Адносна дзейнасці Францішка, які быў абраны дзесяць гадоў таму 13 сакавіка, Каспер сказаў: "Я падтрымліваю Папу. Гэта не значыць, што я лічу кожнае яго слова або меру правільнымі. Але калі Пантыфіка абіраюць, дзейнічае прынцып лаяльнасці". Паводле яго слоў, Папа з Аргенціны знаходзіцца пад ціскам з двух бакоў: з боку кансерватараў, "якія з самага пачатку адпрэчылі яго стыль", і з боку тых, хто, як, напрыклад, у Германіі, настойвае на рэформах.
 

02 сакавіка 2023, 11:16