Пошук

11.jpg

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу паспяхова зроблена аперацыя па выдаленні пухліны. Хірургічнае ўмяшальніцтва адбылося 8 лютага 2023 года. 77-гадовы заслужаны іерарх адчувае сябе добра і цяпер праходзіць пасляаперацыйную рэабілітацыю. Арцыбіскуп эмерыт падзякаваў лекарам і ўсім, хто моліцца ў інтэнцыі яго хутчэйшага выздараўлення, а таксама адзначыў, што неўзабаве спадзяецца працягнуць служэнне Богу і людзям з новымі сіламі.

Агульнабеларускі Дзень кансэкраванага жыцця адзначылі ў Будславе. У Нацыянальным санктуарыі 4 лютага 2023 года сабраліся каля 150 кансэкраваных асоб з усіх дыяцэзій. Сустрэча прайшла ў межах Вялікай навэнны падрыхтоўкі да юбілею 25-годдзя каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай. Пасля канферэнцыі ў святыні адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі.

Прадстаўнікі беларускага Касцёла прынялі ўдзел у першай частцы еўрапейскага кантынентальнага этапу Сінода Біскупаў на тэму сінадальнасці. Сустрэча праходзіла з 5 па 9 лютага ў Празе. Старшыня Сінадальнай камісіі беларускай біскупскай канферэнцыі біскуп Аляксандр Яшэўскі выступіў з прамовай і назваў тэмы, якія знаходзяць найбольшы водгук у Касцёле ў Беларусі. У прыватнасці, ён адзначыў неабходнасць разгледзець і ўлічыць праблематыку праўдзівага дыялогу паміж духавенствам і свецкімі вернікамі, а таксама іх паўнавартаснага супрацоўніцтва, якое б з яго вынікала.

Душпастырская сустрэча святароў і кансэкраваных асоб Віцебскай дыяцэзіі адбылася ў Паставах 9 лютага 2023 года ў мясцовым касцёле святога Антонія Падуанскага. Праграма ўключыла духоўныя разважанні, адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнта. Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Мужчынскія рэкалекцыі прайшлі ў Росі. Іх правёў з 3 па 5 лютага 2023 года ў рэкалекцыйным доме тэолаг, філосаф і каталіцкі публіцыст ксёндз Андрэй Рылка. У духоўных практыкаваннях удзельнічалі звыш 20 вернікаў з некалькіх гарадоў Беларусі. Дзеля чаго варта жыць, як навучыцца жыць не марна і распазнаваць Божы план – на гэтыя тэмы разважалі ўдзельнікі.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

11 лютага 2023, 10:12