Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Нідэрланды: 20 гадоў легальнай эўтаназіі – змена мыслення народа

Па словах Біскупа Амстэрдамскага Ёханэса Хендрыкса, вынік 20 гадоў легальнай эўтаназіі ў Нідэрландах выяўляецца не толькі ў колькасці смерцяў, але і ў зменах у свядомасці народа, які змірыўся са смерцю па жаданні.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Іерарх прызнаў, што сёння амаль у кожнага ў краіне ёсць блізкі чалавек, сваяк ці сябар, які скончыў сваё жыццё такім чынам. Ён дадаў, што ў пэўным сэнсе эўтаназія падобная на аборт, яна выклікае такія ж глыбокія змены ў псіхіцы, дае адчуванне магчымасці атрымаць усё, што вы хочаце і калі хочаце, нават смерць.

Між тым, сапраўдная праблема, якая хаваецца за эўтаназіяй, – гэта адзінота. Менавіта яна пазбаўляе жыццё сэнсу, а калі надыходзіць хвароба, людзі не хочуць абцяжарваць іншых. Менавіта таму многія адчуваюць сябе лепш, калі іх пераводзяць у інтэрнат ці дом састарэлых, таму што яны не самотныя і могуць разлічваць на наведванне сваякоў.

У гутарцы з італьянскім выданнем Avvenire амстэрдамскі ардынарый прызнаў, што менталітэт эўтаназіі няўхільна ўмацоўваецца. У нідэрландскі парламент унесены два законапраекты аб распаўсюдзе прымянення эўтаназіі на самых маленькіх дзяцей, паколькі сёння яна дазволена з 13 гадоў, а таксама на старэйшых за 75 гадоў, якія не пакутуюць ніякімі невылечнымі захворваннямі і не знаходзяцца на зыходзе жыцця, а проста адчуваюць стомленасць.

"Нельга выключаць, што законы будуць прынятыя. Я ведаю, гэта сумна, але такія факты. Індывідуалізм у нашым грамадстве занадта моцны. І на палітычным узроўні моцнай апазіцыі тут не будзе", - адзначыў біскуп Хендрыкс.

Ён запэўніў, што Касцёл у Нідэрландах імкнецца супрацьстаяць легалізацыі эўтаназіі. Вялікія заслугі ў гэтай галіне мае кардынал Вілем Эйк, які сам з'яўляецца медыкам і спецыялістам па біяэтыцы. Аднак каталіцызм у краіне ўжо страціў свой уплыў. Толькі 45 працэнтаў галандцаў лічаць сябе вернікамі. Толькі 2 працэнта каталікоў ходзяць у касцёл.

Аб духоўным стане народа сведчыць таксама высокі ўзровень самагубстваў. Па статыстыцы, кожны дзень пяць чалавек пазбаўляюць сябе жыцця. Да гэтага варта дадаць 189 самагубстваў, якія здзяйсняюцца кожны дзень пры легальнай старонняй дапамозе.

Нідэрланды маюць патрэбу ў рэлігійным адраджэнні, - прызнаў амстэрдамскі біскуп.
 

28 лютага 2023, 10:25