Пошук

Кардынал Марыё Грэк. Ілюстрацыйнае фота Кардынал Марыё Грэк. Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал Грэк: сінод – не барацьба кансерватараў і лібералаў

Адзінства Касцёла можна разгледзець толькі ў разнастайнасці, - адзначыў кардынал Марыё Грэк у катэдры святога Віта ў Празе падчас літургіі для ўдзельнікаў Еўрапейскай асамблеі Кантынентальнага этапу Сінода Біскупаў.

Ян Глінскі

Форум, які распачаўся ў сталіцы Чэхіі 5 лютага 2023 года, завяршаецца 12 лютага.

У гаміліі генеральны сакратар Сінода Біскупаў указаў на факт частага неразумення сутнасці сіноду. “Колькі разоў сінод успрымаўся як барацьба кансерватараў з лібераламі? Колькі разоў ён прачытваўся як супрацьпастаўленне Захад – Усход, Поўнач – Поўдзень?” - агучыў рытарычныя пытанні іерарх.

Ён звярнуў увагу на тое, як часта “мы чуем, што гэта сінод, які павінен ліквідаваць усе адрозненні”, “павінен быць адкрытым на змены”, сціраючы “розніцы паміж тым, што ўпісваецца ў каталіцкую традыцыю, і тым, што застаецца па-за ёй”. У першым падыходзе гучыць жаданне “падкрэсліць розніцы, у другім – стаўка робіцца на іх выдаленне”, ствараючы вобраз Сінода, у якім “усё дазволена”.

Аднак мэта працэсу, як падкрэсліў кардынал Грэк, не ў тым, каб “ліквідаваць адрозненні ці знішчыць каталіцкую тоеснасць”, а хутчэй каб захаваць “розніцы з мэтай лепшага разумення Евангелля і таго, што чыніць Каталіцкі Касцёл сапраўды адзіным, святым, паўсюдным і апостальскім”.

“Адзінства Касцёла можна разгледзець толькі ў яго разнастайнасці. Яго святасць – толькі ў супастаўленні з тым, што грэшнае. А яго паўсюднасць у адносінах да таго, што партыкулярнае. Такія адносіны ніколі не з’яўляюцца статычнымі, яны заўсёды дынамічныя”, – адзначыў генеральны сакратар Сінода Біскупаў.

“Няхай наш Бог, зусім розны, але таксама цалкам адзіны, вядзе свой Касцёл так, каб ён стаў розным, але адначасова заставаўся ў адзінстве”, – пажадаў удзельнікам Сінода кардынал Грэк.
 

11 лютага 2023, 10:21