Пошук

Архімандрыт Сяргей Гаек падчас размовы з Францішкам Архімандрыт Сяргей Гаек падчас размовы з Францішкам  (Vatican Media)

Францішак беларускім грэка-католікам: працягвайце малітву!

Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі, архімандрыт Сяргей Гаек падарыў Францішку тэкст Акафіста да Маці Божай Жыровіцкай. 15 лютага 2023 года, падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане паміж імі адбылася кароткая размова.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Я перш за ўсё падзякаваў Папу за яго малітву перад іконай Маці Божай Жыровіцкай, якая адбылася 11 студзеня 2023 года. Гэта быў знак для пачатку эстафеты малітвы за Папу і за яго намаганні дзеля міру. Я падарыў Акафіст да Маці Божай Жыровіцкай. Папа ўсміхнуўся і спытаў, ці гэта тая самая ікона? Я адказаў, што так. Тады ён сказаў: “працягвайце малітву!” - падзяліўся архімандрыт Гаек.

Францішак падчас малітвы перад іконай Маці Божай Жыровіцкай
Францішак падчас малітвы перад іконай Маці Божай Жыровіцкай

У размове з Vatican News кіраўнік беларускіх грэка-католікаў пракаментаваў рэзанансную навіну пра пераход Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы на новаюліянскі каляндар. Ён патлумачыў, што грэка-каталіцкая супольнасць у Беларусі знаходзіцца сёння на іншым этапе.

“Мы перайшлі на грыгарыянскі каляндар 30 гадоў таму і працягваем гэты шлях. Адзіная толькі парафія ў Полацку прыняла з самага пачатку новаюліянскі каляндар, але гэта быў у большай ступені сімвалічны жэст. Калі будзе зразумела, што браты-ўкраінцы нешта выйгралі ў душпастырскім плане ад гэтага рашэння, трэба будзе разгледзець пытанне, але не ў гэтым годзе”, - падкрэсліў святар.

Таксама архімандрыт Гаек адзначыў, што сёлета спаўняецца 1160 гадоў з пачатку місіі святых Кірыла і Мятода сярод славян. Гэта дата і вызначыць ход падзей у Грэка-Каталіцкай Царкве Беларусі ў 2023 годзе.
 

16 лютага 2023, 10:04