Пошук

Ксёндз Томаш Галік Ксёндз Томаш Галік 

Чэшскі тэолаг: хрысціянства – гэта заўсёды дарога

Хрысціянства было дарогай на пачатку, і павінна застацца дарогай цяпер і назаўсёды - сказаў ксёндз Томаш Галік, тэолаг і філосаф з Карлавага ўніверсітэта ў Празе, у сваім “духоўным уступе” да еўрапейскай кантынентальнай асамблеі Сінода.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Святар нагадаў, што ў раннія часы хрысціянства, калі ў вернікаў пыталіся, чым з’яўляюцца іх практыкі: ці гэта новая рэлігія або філасофія, яны адказвалі, што гэта шлях, спосаб ісці за Тым, Які сказаў: “Я – дарога”. “Да гэтага бачання хрысціяне заўсёды вярталіся на працягу гісторыі, асабліва ў крызісныя часы”, - звярнуў увагу навуковец.

Ксёндз Галік падкрэсліў, што “хрысціянства было дарогай на пачатку, і павінна застацца ёй цяпер і назаўжды”. Касцёл як “супольнасць пілігрымаў”, насамрэч, з’яўляецца “жывым арганізмам, а гэта значыць, што ён заўсёды адкрыты, ён трансфармуецца і развіваецца”. У гэтым кантэксце “сінадальнасць азначае супольнае падарожжа (syn hodos), азначае пастаянную адкрытасць на Божага Духа, праз Якога ўваскрослы, жывы Хрыстус, жыве і дзейнічае ў Касцёле”. “Сінод – гэта магчымасць разам паслухаць, што Дух сёння гаворыць Касцёлу”, - дадаў святар.

Тэолаг звярнуў увагу на тое, што падчас сінадальнай асамблеі неабходна “ясна і зразумела сказаць пра тое, што хоча і можа зрабіць сучаснае еўрапейскае хрысціянства, што будзе адказам на радасці і надзеі, на смутак і пакуты ўсёй нашай планеты”, поўнай падзелаў і шматлікіх пагроз у глабальным маштабе.

Ксёндз Галік нагадаў пра ідэю Бэнэдыкта XVI адносна таго, што Касцёл, як і Ерузалемскі храм, павінен мець прастору, якую называюць “падворкам язычнікаў”. “У той час як секты прымаюць толькі тых, хто цалкам паслухмяны і адданы, Касцёл павінен быць адкрыты на духоўных шукальнікаў, на тых, хто, хоць і не цалкам атаясамліваецца з яго вучэннем і практыкай, тым не менш адчувае пэўную блізкасць да хрысціянства”, - сказаў святар, дадаючы, што Езус “перасцерагаў сваіх вучняў ад руплівасці рэвалюцыянераў і інквізітараў, ад іх спроб выконваць ролю анёлаў Апошняга суда і занадта паспешліва аддзяляць зерне ад каласоўніка”.

“Святы Аўгустын казаў, што многія з тых, хто думае, што знаходзяцца звонку, насамрэч унутры, а многія, хто думае, што яны ўнутры, насамрэч знаходзяцца звонку”, - нагадаў даследчык, дадаючы, што “Касцёл – гэта таямніца; мы ведаем, дзе ёсць Касцёл, але не ведаем, дзе яго няма”.

Святар падкрэсліў, што “пастаянным заданнем Касцёла з’яўляецца місія”, якая, аднак, “не можа быць “рэканкістай”, выразам тугі па страчаным мінулым, празелітызму, маніпуляцый, спроб упіхнуць шукаючых у існуючыя ментальныя і інстытуцыйныя межы Касцёла”. Наадварот, “гэтыя межы павінны быць пашыраны і ўзбагачаны менавіта досведам тых, хто шукае”.

Ксёндз Галік лічыць, што “калі мы сур’ёзна ставімся да прынцыпу сінадальнасці”, то місію “не трэба разумець як аднабаковы працэс, але хутчэй як суправаджэнне ў духу дыялогу і імкнення да ўзаемаразумення”. Сінадальнасць – гэта “працэс навучання, у якім мы не толькі вучым іншых, але і вучымся самі”, - дадаў ён.

На думку чэшскага святара, “новая евангелізацыя і сінадальная трансфармацыя Касцёла і свету – гэта працэс, у якім мы павінны навучыцца аддаваць пашану Богу па-новаму і глыбей – у Духу і праўдзе”. У той жа час мы не павінны баяцца, што некаторыя формы Касцёла паміраюць. У кожную наступную эпоху гісторыі Касцёла мы павінны практыкаваць мастацтва духоўнага распазнавання, адрозніваючы жывыя галіны касцёльнага дрэва ад сухіх і мёртвых. Трыумфалізм, культ мёртвага Бога, павінен быць заменены пакорнай кенатычнай эклезіялогіяй. Жыццё Касцёла заключаецца ва ўдзеле ў парадоксе Пасхі: моманце самааддачы і саматрансцэндэнцыі, перамены смерці ва ўваскрасенне і новае жыццё - патлумачыў філосаф, заклікаючы да пошуку жывога Бога.
 

07 лютага 2023, 10:29