Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Сябар Бэнэдыкта XVI: ён быў цёплым, пакорным, цудоўным Папам

Бэнэдыкта XVI будуць памятаць як “Настаўніка Касцёла, які стаў Пантыфікам і быў прыгнечаны абавязкам абароны праўды і ачышчэння Касцёла падчас яго самага вялікага крызісу – вялікага еўрапейскага вераадступніцтва”.

Ян Глінскі

Такім меркаваннем падзяліўся з Vatican News сябар спачылага Папы-эмерыта нямецкі гісторык, ватыканскі журналіст і пісьменнік Міхаэль Хесэман.

“Ёзэф Ратцынгер быў найвялікшым мысляром і філосафам нашага часу, а таксама адным з найбольш пабожных і святых святароў, якіх я калі-небудзь сустракаў. Ён быў цёплым, пакорным, цудоўным Папам, добрым пастырам, які сапраўды любіў і клапаціўся пра сваіх авечак”, - падзяліўся нямецкі гісторык.

Як дадаў Хесэман, які ўсё жыццё сябраваў з братамі Ратцынгерамі, памерлы ганарыўся сваімі каранямі, любіў сваю малую Радзіму, сваіх бацькоў, іх традыцыі, асабліва звязаныя з Божым Нараджэннем.

У гэтым кантэксце ён нагадаў, што кляштар, у якім пасяліўся Бэнэдыкт XVI пасля свайго адрачэння, на святы заўсёды меў дэкарацыі ў баварскім стылі. “Ён вельмі любіў Божае Нараджэнне і, думаю, што невыпадкова памёр толькі пасля святаў. Ён не хацеў, каб хтосьці перажываў і не атрымаў з яго прычыны радасці Божага Нараджэння”, - дадаў нямецкі гісторык.

Згадваючы свае сустрэчы з Бэнэдыктам XVI, у тым ліку апошнія, Хесэман адзначыў, што ён не баяўся смерці. Яго адрачэнне стала падзеяй, якая напісала новы раздзел у гісторыі Касцёла. “Калі ён адмовіўся, то быў зусім знясілены, яго цела было зношанае. Ён дзейнічаў, кіруючыся глыбокім пачуццём адказнасці і любові да Касцёла. Ён не хацеў быць хворым і слабым Папам, магчыма, сляпым і безгалосым. Ён хацеў перадаць лодку Пятра рулявому з мацнейшымі рукамі”, - падкрэсліў сябар памерлага.

На пытанне, чым адзначыўся папярэдні пантыфікат, Хесэман сцвердзіў: “Ён быў святлом у перыяд цемры, калі так шмат людзей адвярнулася ад Праўды або праігнаравала яе”. Гісторык перакананы, што Бэнэдыкта XVI будуць памятаць як “Настаўніка Касцёла, які стаў Пантыфікам і быў прыгнечаны абавязкам абароны праўды і ачышчэння Касцёла падчас яго самага вялікага крызісу – вялікага еўрапейскага вераадступніцтва”.
 

07 студзеня 2023, 11:03