Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Каталіцкія скаўты дастаўляюць Бэтлеемскае святло міру ў парафіі ўсіх дыяцэзій. Напярэдадні сімвал Божага нараджэння перадалі праз польска-беларускую мяжу. 17 снежня 2022 года ўвечары Бэтлеемскі агонь ўнясуць у архікатэдральны касцёл у Мінску. Дастаўка Бэтлеемскага агню па парафіях Беларусі будзе працягвацца ажно да свята Божага Нараджэння.

У Нацыянальнай бібліятэцы прадставілі Кодэкс кананічнага права ў беларускім перакладзе. У прэзентацыі выдання 15 снежня 2022 года ўзялі ўдзел іерархі Касцёла ў Беларусі, прадстаўнікі дзяржаўнай улады, дыпламаты, святары, спецыялісты, прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы, іншых канфесій і рэлігій. Першае беларускамоўнае выданне Кодэкса кананічнага права апублікавана са зменамі, унесенымі ў апошні час Святым Пасадам.

Апостальскі Нунцый павіншаваў з прызначэннем на пасаду новага Міністра замежных спраў Беларусі. Арцыбіскуп Антэ Ёзіч скіраваў да Сяргея Алейніка, які быў шматгадовым паслом Беларусі пры Святым Пасадзе, пажаданні "паспяховай і плённай працы" у "няпросты гістарычны перыяд, калі ад намаганняў дыпламатаў, скіраваных на падтрымку дыялогу ў імя міру і стабільнасці, як ніколі залежаць лёсы людзей і народаў".

Біскуп Аляксандр Кашкевіч падзяліўся аплаткай з сёстрамі, якія нясуць служэнне ў Гродзенскай дыяцэзіі. Падчас сустрэчы 12 снежня 2022 года ардынарый падзякаваў законніцам за штодзённае служэнне ў Касцёле на Гродзеншчыне, асабліва за катэхізацыю дзяцей і моладзі. У праграме сустрэчы былі канферэнцыя, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, святая Імша, якую ў інтэнцыі законных сясцёр цэлебраваў біскуп Гродзенскі.

А ў Мінску аплаткамі з моладдзю дзяліўся арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Гэта адбылося падчас адвэнтавага чування моладзі 11 снежня 2022 года ў мінскай архікатэдры. Тэмай чування сталі словы дэвізу Сусветных дзён моладзі, якія пройдуць у 2023 годзе ў Лісабоне: Марыя ўстала і пайшла паспешна. Разам з Мітрапалітам Мінска-Магілеўскім Эўхарыстыю канцэлебравалі Генеральны вікарый архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек і душпастыры моладзі.

Ружа і сэрцы для Маці Божай з’явіліся ў тракельскім санктуарыі. 11 снежня 2022 года ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі адбылася малітва ў інтэнцыі людзей, якія ахвяравалі воты ў выглядзе сярэбраных сэрцаў у знак веры і ўдзячнасці за атрыманыя ласкі аздараўлення, выслуханыя просьбы і пачутыя малітвы. Раней побач з цудатворным абразом Маці Божай была змешчана сярэбраная ружа, якую кусташ санктуарыя ксендз Юрый Бяганскі ахвяраваў Панне Марыі з нагоды 15-й гадавіны святарства.

Парафія святога Сымона і святой Алены ў Мінску апублікавала адкрыты ліст да Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандра Румака. У сваім звароце вернікі ўзнялі пытанне закрытага Чырвонага касцёла і заклікалі пасадзейнічаць у тым, каб святароў і парафіянаў дапусцілі ў святыню для магчымасці служыць там святую Імшу на свята Божага Нараджэння. Касцёльны камітэт таксама паведаміў, што рыхтуецца да свята ў плябаніі, дзе адключаны святло, вада і ацяпленне.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

17 снежня 2022, 08:50