Пошук

Падчас прэзентацыі кантынентальна-еўрапейскай фазы Сінода па сінадальнасці Падчас прэзентацыі кантынентальна-еўрапейскай фазы Сінода па сінадальнасці 

Сінод у Еўропе: вайна ва Украіне паўплывае на ўвесь працэс

Арцыбіскуп Гінтарас Грушас, старшыня Рады біскупскіх канферэнцый Еўропы (CCEE), правёў прэзентацыю кантынентальна-еўрапейскай фазы Сінода па сінадальнасці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Разам з віцэ-старшынёй арганізацыі, кардыналам Жан-Клодам Олерышам, арцыбіскупам Люксембурга, Мітрапаліт Віленскі распавёў пра сустрэчу, якая пройдзе ў Празе з 5 па 12 лютага 2023 года.

У форуме прымуць асабісты ўдзел 200 дэлегатаў з 39 нацыянальных біскупскіх канферэнцый і 44 прадстаўнікі ключавых касцёльных устаноў. Яго суарганізатарамі выступілі Канферэнцыя Біскупаў Чэхіі і Пражская архідыяцэзія. Праца будзе грунтавацца на нядаўна апублікаваным Дакуменце для кантынентальнага этапу, у якім былі сабраны разважанні народа Божага на сінадальныя тэмы, агучаныя на нацыянальным і дыяцэзіяльным узроўнях.

Анлайн да сустрэчы далучацца 390 удзельнікаў, па дзесяць ад кожнага епіскапату. Акрамя таго, у працы будуць удзельнічаць некалькі дэлегатаў іншых хрысціянскіх канфесій. Асамблея будзе падзелена на два этапы: у першым, з 5 па 9 лютага, прымуць удзел усе дэлегаты, у другім, з 9 па 12, – толькі кіраўнікі біскупскіх канферэнцыі.

Старшыня CCEE адзначыў, што кантынентальна-еўрапейскі этап пачнецца менш чым праз год пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну. “Мы ўсе адчуваем цяжар вайны, якая моцна ўздзейнічае і на касцёльнае жыццё, як дабрачыннае, так і малітоўнае”, - сказаў Vatican News арцыбіскуп Грушас. Ён адзначыў, што ў Касцёле ёсць імкненне дапамагчы ўкраінскаму народу, спыніць вайну і ўсталяваць мір.

Арцыбіскуп Жан-Клод Олерыш, якога Святы Айцец прызначыў Генеральным рэлятарам Сінода, выказаў перакананне, што асамблея дапаможа Касцёлу заставацца па-сапраўднаму місіянерскім. “Місія Касцёла – абвяшчаць Хрыста, абвяшчаць нашу прыхільнасць да стварэння, але таксама да справядлівасці і міру, прыхільнасць усяго народа Божага”, - сказаў іерарх.
 

15 снежня 2022, 11:00