Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Бэтлеемскія яслі ажывуць на вуліцах Рыма

Героі традыцыйных бэтлеемскіх ясляў ажывуць на вуліцах Рыма. Ініцыятыва была падтрымана Святым Айцом, які асабіста пазнаёміўся з праектам. Яна пройдзе 17 снежня 2022 года.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Гісторыя нараджэння Езуса Хрыста будзе паказана на цэнтральных вуліцах Вечнага горада – уздоўж маршруту, якім праходзіць традыцыйная працэсія Corpus Domini. Пачнецца каляднае дзейства ля базылікі святога Яна на Латэране, дзе будзе прадстаўлена сцэна зацвярджэння Інакенціем ІІІ рэгулы францішканскага ордэна. Менавіта святы Францішак Асізскі з’яўляецца стваральнікам першых жывых ясляў Божага Нараджэння.

Наступныя тэатральныя дзеянні будуць паказаны на вуліцы Мерулана. Там можна будзе паназіраць за перапісам насельніцтва, абвешчаным імператарам Аўгустам, і за штодзённым жыццём на вуліцах Бэтлеема: на плошчы перад базылікай Санта-Марыя-Маджорэ будзе арганізаваны кірмаш з удзелам прадстаўнікоў рамёстваў.

Гледачы змогуць убачыць гісторыю пра Звеставанне, пра сон Юзафа, пра пошук бацькамі Езуса месца для начлегу. Сцэна Божага Нараджэння будзе паказана ў порціку базылікі Санта-Марыя-Маджорэ. У гэтым рымскім храме захоўваюцца рэліквіі бэтлеемскіх ясляў – лічыцца, што менавіта ў іх быў пакладзены нованароджаны Збаўца, таму ў старажытнасці святыня насіла тытул Sancta Maria ad Praesepium – Святая Марыя ў стаенцы.

Пасля каляднага прадстаўлення ў базыліцы распачнецца Навэнна перад урачыстасцю Божага Нараджэння. Затым адбудзецца святая Імша, якую ўзначаліць Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі, кардынал Анджэла Дэ Данаціс. Падчас літургіі іерарх благаславіць bambinelli – маленькія фігуркі Дзіцятка Езуса, якія ў вігілію Божага Нараджэння вернікі пакладуць у калядныя яслі ў сябе дома.

У арганізацыі жывых ясляў прымуць удзел прадстаўнікі каталіцкіх арганізацый, асацыяцый, парафій і рухаў з розных частак Італіі. Ініцыятыва рэалізуцца ў супрацоўніцтве з Рымскай дыяцэзіяй і пад патранажам гарадской адміністрацыі Рыма.
 

15 снежня 2022, 10:24