Пошук

Падчас сустрэчы Францішка і Барталамея І Падчас сустрэчы Францішка і Барталамея І 

Пантыфік сустрэўся з Патрыярхам Канстанцінопальскім

Падчас свайго візіту ў Бахрэйн Францішак 4 лістапада 2022 года сустрэўся з Барталамеем I. Размова ў Авалі прайшла “ў атмасферы братэрства і прыязнасці”.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Патрыярх Канстанцінопальскі і ганаровы кіраўнік праваслаўя ў свеце прыбыў у Бахрэйн у якасці аднаго са спікераў на Бахрэйнскім міжрэлігійным форуме на карысць дыялогу. Францішак таксама прыняў удзел у цырымоніі яго закрыцця.

У сваёй прамове Барталамей І падкрэсліў, што праваслаўе мае вялікі вопыт суіснавання з іншымі канфесіямі і рэлігіямі. Ён адзначыў, што міжрэлігійныя сустрэчы і дыялог грунтуюцца на асабістым узаемадзеянні і становяцца эфектыўнымі тады, “калі праходзяць у духу прыхільнасці, даверу і павагі”, - паведамляе OrthodoxTimes.

На думку Патрыярха, супраціўленне экуменічнаму і міжрэлігійнаму дыялогу, як правіла, вынікае з страху, няведання або нецярпімасці да рэлігійнай разнастайнасці. Наадварот, сапраўдны і правільны міжрэлігійны дыялог прызнае адрозненні паміж рэлігійнымі традыцыямі і спрыяе мірнаму суіснаванню і супрацоўніцтву паміж народамі і культурамі. І гэта не азначае адмовы ад сваёй веры.

Бахрэйнскі форум на карысць дыялогу быў арганізаваны Мусульманскай радай старэйшын, Вышэйшай радай ісламу і Глабальным цэнтрам мірнага суіснавання імя Караля Хамада. З мэтай навядзення дыялогавых мастоў асобныя сесіі праграмы Форуму былі прысвечаны прасоўванню глабальнага суіснавання і чалавечага братэрства, ролі духавенства і навукоўцаў у супрацьстаянні выклікам часу, праблемам міжрэлігійнага дыялогу і міру ў свеце.
 

05 лістапада 2022, 11:17