Пошук

Кардынал Луіс Антоніа Тагле падчас Імшы з нагоды 50-годдзя Федэрацыі біскупскіх канферэнцый Азіі Кардынал Луіс Антоніа Тагле падчас Імшы з нагоды 50-годдзя Федэрацыі біскупскіх канферэнцый Азіі 

Кардынал Тагле заклікаў біскупаў ісці разам з народамі Азіі

Бог хоча, каб Касцёл у Азіі падарожнічаў з тымі, хто адрозніваецца ад яго, з тымі, хто жыве ў цёмных завулках і трушчобах, а таксама з тымі, хто хаваецца за высокімі палітычнымі, фінансавымі і ваеннымі пасадамі, - лічыць кардынал Луіс Антоніа Тагле.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Іерарх прымаў удзел у асамблеі Федэрацыі біскупскіх канферэнцый Азіі, створанай 50 гадоў таму, якая праходзіла ў Бангкоку з 12 па 30 кастрычніка 2022 года. Тэмай сустрэчы стала сумеснае падарожжа. 

Выступаючы з гаміліяй падчас заключнай Імшы, кардынал Луіс Антоніа Тагле адзначыў, што ў Федэрацыі няма іншага шляху, акрамя як “падарожнічаць разам”. У многіх азіяцкіх культурах жыццё часта параўноўваюць з падарожжам. “Але чаму разам? Як мы можам зрабіць гэта разам?” Іерарх падзяліўся сваімі разважаннямі на гэты конт.

Па-першае, спасылаючыся на ўрывак з Евангелля пра сустрэчу Езуса і Закхея, іерарх нагадаў што “cумеснае падарожжа павінна быць усвядомленым, абраным і валявым. Мы не можам пакінуць яго на волю выпадку. Мы не можам быць да яго абыякавыя.”

Па-другое, – запытаў кардынал, – каго Езус абраў у спадарожнікі? Не самага чыстага, не беззаганнага. Ён абраў галоўнага мытніка, якога лічылі здраднікам свайго народа за тое, што супрацоўнічаў з акупантамі. Закхей – той, з кім ніхто не хоча падарожнічаць. Але Езус бярэ яго з сабой.

Бог хоча, каб Касцёл у Азіі падарожнічаў з тымі, хто адрозніваецца ад яго, з тымі, хто хаваецца ад людзей, ізаляванымі, пазбаўленымі сяброў, пагарджанымі, нябачнымі, з тымі, хто жыве ў цёмных завулках і трушчобах, а таксама з тымі, хто хаваецца за высокімі палітычнымі, фінансавымі і ваеннымі пасадамі. Бог хоча, каб Касцёл у Азіі падарожнічаў з беднымі і маргіналізаванымі, бежанцамі, мігрантамі, перамешчанымі асобамі і карэннымі жыхарамі, з Зямлёй, якую раняць і эксплуатуюць, моладдзю, жанчынамі і сем'ямі. Ісці разам значыць і разам сутыкацца з непрыманнем, экстрэмізмам, пагрозамі жыццю, насіллем, канфліктамі, амбівалентнасцю лічбавай рэвалюцыі, суседніх рэлігій і культур, – адзначыў кардынал Тагле.

Па-трэцяе, – запытаў іерарх, – што гэта будзе за падарожжа? З Езусам гэта будзе падарожжа міласэрнасці і спагады, а не асуджэння. Яно вядзе ў краіну справядлівасці. Закхей нарэшце адчуў, што да яго ставяцца як да чалавека, і пачаў бачыць у бедных таксама людзей. Ён раздаў ім палову сваёй маёмасці. Яны сталі яго братамі, сёстрамі і спадарожнікамі на жыццёвым шляху. Па словах іерарха, Езус паказвае нам іншы шлях, які адрозніваецца ад тых, што сеюць падзел, робяць людзей нябачнымі, не праяўляюць міласэрнасці да суседзяў.

Прэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі заклікаў азіяцкіх біскупаў ісці разам з Езусам, адно з адным і з народамі Азіі.

31 кастрычніка 2022, 12:32