Пошук

11.jpg

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Перад пачаткам новага катэхетычнага года ў Гродне з удзелам біскупа Аляксандра Кашкевіча прайшла дыяцэзіяльная сустрэча катэхетаў. 29 жніўня 2022 года на сустрэчы сабраліся святары, сёстры законныя, свецкія асобы. Біскуп Гродзенскі цэлебраваў святую Імшу ў інтэнцыі ўсіх, хто займаецца катэхізацыяй у дыяцэзіі, a таксама за дзяцей, моладзь і дарослых, якія сёлета будуць удзельнічаць у катэхізацыі.

Адышоў у вечнасць ксёндз Станіслаў Паўліна, арыяніст, які доўгі час быў бліжэйшым супрацоўнікам кардынала Казіміра Свёнтка і прычыніўся да адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Святара пахавалі ў Варшаве 1 верасня 2022 года. На пахаванне былога канцлера Пінскай дыяцэзіяльнай курыі прыбылі святары з Беларусі на чале з Генеральным вікарыем Пінскай дыяцэзіі біскупам Казімірам Велікасельцам. Ксёндз Станіслаў Паўліна адышоў у вечнасць 29 жніўня на 90-м годзе жыцця.

У Слоніме прайшоў турнір па міні-футболе памяці святога Яна Паўла ІІ для дзяцей і моладзі. 29 жніўня 2022 года тут сабралося 17 каманд. Турнір пачаўся святой Імшой, а пераможцамі малодшай групы стала каманда парафіі Святой Сям’і ў Лідзе, старэйшай групы – каманда парафіі святога Піо ў Гродне.

Прадстаўнікі беларускага каталіцкага епіскапату скіруюцца на сустрэчу з Папам Францішкам у Казахстан. Візіт Святога Айца ў гэтую еўразійскую краіну пройдзе з 13 па 15 верасня 2022 года. Туды скіруюцца Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і Старшыня Сінадальнай камісіі пры біскупскай канферэнцыі біскуп Аляксандр Яшэўскі. Беларускія іерархі возьмуць удзел у шэрагу мерапрыемстваў, прадугледжаных праграмай Апостальскага візіту.

Рэкалекцыі для святароў прайшлі ў Тракелях. З 30 жніўня па 1 верасня 2022 года ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у духоўных практыкаваннях удзельнічала 25 святароў. Тэмай рэкалекцый сталі словы З Марыяй да адзінства і міру. У першы дзень удзельнікі разважалі пра мір і адзінства ў парафіяльным жыцці, у другі – пра мір і адзінства ў святарстве, у трэці – пра Маці Божую ў жыцці святара.

Новая кваліфікацыя з’явілася ў Мінскім тэалагічным каледжы – касцёльны сурдаперакладчык. Навучальная ўстанова абвясціла дадатковы набор навучэнцаў з мэтай атрымання новай кваліфікацыі – для служэння людзям з абмежаваннямі слыху. Спецыялістаў будуць рыхтаваць для дапамогі такім людзям у падрыхтоўцы да прыняцця сакрамэнтаў, удзеле ў літургіі і жыцці парафіяльнай супольнасці.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

03 верасня 2022, 11:22