Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Прэзбітэрый Каталіцкага Касцёла ў Беларусі павялічыўся на трох святароў і аднаго дыякана. 3 верасня 2022 года біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч у катэдры св. Францішка Ксаверыя ўдзяліў прэзбітэрскае пасвячэнне дыяканам Уладзіславу Малышку i Паўлу Шэмету, а дыяканскае пасвячэнне прыняў Андрэй Юхнік.

На Магілёўшчыне з удзелам іерархаў адзначылі фэст у гонар Маці Божай Бялыніцкай. Урачыстасць 4 верасня 2022 года ў Бялынічах узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. У фэсце ўдзельнічалі таксама старшыня біскупскай канферэнцыі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў. У прывітальным слове Генеральны вікарый архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі адзначыў, што сёлета ўдалося арганізаваць пятую пілігрымку Магілёў – Бялынічы, у якой прыняло ўдзел 60 асоб.

На Залатой Горцы ў Мінску прайшоў Другі фестываль хрысціянскай культуры. Тэмай сёлетняга форуму, які адбыўся 4 верасня 2022 года пры касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха), стала сакральная архітэктура. Фестываль распачаўся святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк, пробашч сталічнай парафіі святога Сымона і святой Алены. У межах навуковай часткі была прадстаўлена кніга ксяндза Завальнюка, прагучалі даклады ксяндза Паўла Эйсманта і Станіслава Янчарскага. Выступалі хоры з Чырвонага касцела Голас Душы і Verus cantus, а таксама вядомы гусляр Алесь Чумакоў. Завяршыўся фестываль арганным канцэртам.

У Гродне адкрыўся новы сацыяльна-бытавы комплекс для маламаёмных, які асвяціў біскуп Аляксандр Кашкевіч. Дыяцэзіяльны Карытас у супрацоўніцтве з сёстрамі Кангрэгацыі Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта больш за 25 гадоў паспяхова рэалізуе дабрачынны праект, накіраваны на забеспячэнне людзей, якія знаходзяцца ў патрэбе, бясплатным гарачым харчаваннем. 3 верасня 2022 года адкрыўся новы комплекс для маламаёмных. У цырымоніі адкрыцця ўдзельнічалі і тыя, хто атрымлівае штодзённыя пасілкі, прыгатаваныя назарэтанкамі.

У Навагрудку адзначылі 600-годдзе каралеўскага шлюбу, з якога пачалася дынастыя Ягелонаў. 5 верасня 2022 года у рэктаральным касцёле Перамянення Пана ўзгадалі гістарычную падзею, якая адбылася на гэтым месцы – шлюб паміж каралём польскім, вялікім князем літоўскім Уладзіславам Ягайлам і князёўнай Соф’яй Гальшанскай. З гэтай нагоды ў старадаўняй святыні, заснаванай самім легендарным каралём, адбылася ўрачыстая цэлебрацыя святой Імшы.

У Мінску праходзіць начное чуванне для моладзі з магчымасцю атрымаць благаслаўленне на новы навучальны год. У ноч з 10 на 11 верасня 2022 года ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы моладзь чакае святая Імша, набажэнствы, канферэнцыя. Вучняў і студэнтаў запрашаюць не толькі для таго, каб атрымаць благаслаўленне, але і каб падзякаваць Богу за летнія канікулы.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

10 верасня 2022, 08:59