Пошук

Біскуп Пауль Хіндэр Біскуп Пауль Хіндэр 

Сітуацыя хрысціян на Аравійскім паўвостраве паляпшаецца

Біскуп Пауль Хіндэр, Апостальскі вікарый Паўночнай Аравіі, распавёў пра сітуацыю ў Бахрэйне і на ўсім Аравійскім паўвостраве. Яна выклікае цікавасць у кантэксце лістападаўскага візіту Папы ў краіну.

Ян Глінскі 

У інтэрв’ю для аўстрыйскага выдання Information Christlicher Orient іерарх адзначыў, што ў цэлым становішча хрысціян паляпшаецца ў большасці краін рэгіёну. Аднак дзейнасць Касцёла абмяжоўваецца пераважна душпастырствам мігрантаў, вернікаў у межах парафіі, нефармальнай дабрачыннай дзейнасцю і працай некалькіх школ у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах і адной у Бахрэйне. Хрост мясцовых мусульман забаронены.

У найбольш складанай сітуацыі застаюцца нешматлікія хрысціяне ў Емене, дзе ідзе вайна, якая распачалася ў 2015 годзе. Запытаны аб шансах на яе заканчэнне, Апостальскі вікарый адказаў: “У разбуранай вайной краіне шлях да міру доўгі і камяністы”.

У Саудаўскай Аравіі, як паведаміў іерарх, няма касцёлаў, але ёсць чатыры жывыя парафіі і некалькі святароў.

Згадваючы візіт Францішка ў Абу-Дабі ў 2019 годзе, ён акрэсліў яго як станоўчую для хрысціян падзею і выказаў спадзяванне, што распачаты дыялог будзе мець працяг і дасць новыя імпульсы ініцыятывам, накіраваным на ўзаемаразуменне.

Каталіцкі Касцёл на Аравійскім паўвостраве – гэта каля 3 мільёнаў вернікаў звыш 100 нацыянальнасцяў. Ён падзелены на дзве касцёльныя адзінкі: Апостальскі вікарыят Паўднёвай Аравіі (ААЭ, Аман, Емен) і Апостальскі вікарыят Паўночнай Аравіі (Кувейт, Бахрэйн, Катар і Саудаўская Аравія). У паўднёвым вікарыяце каля 70 святароў, у паўночным – каля 65. У абодвух адзінках большасць складаюць капуцыны і прадстаўнікі іншых манаскіх кангрэгацый.

З ХІХ стагоддзя каталіцкімі біскупамі ў Аравіі становяцца капуцыны. 80-гадовы біскуп Хіндэр паходзіць са Швейцарыі і належыць да гэтага ордэна. У 2003 годзе Ян Павел II прызначыў яго дапаможным біскупам Апостальскага вікарыяту Аравіі. У 2005-2011 гадах іерарх узначаліў Апостальскі вікарыят усёй Аравіі, заснаваны яшчэ ў 1889 годзе. 31 мая 2011 года гэтую вялікую касцёльную адзінку плошчай амаль 3,2 мільёна квадратных кіламетраў Бэнэдыкт XVI падзяліў на два вікарыяты.
 

30 верасня 2022, 10:58