Пошук

Кардынал Луіс Рафаэль Сако Кардынал Луіс Рафаэль Сако 

Кардынал Сако выказаўся за аб’яднанне Цэркваў Усходу

Цэрквы Усходу і Каталіцкія Цэрквы ўсходняга абраду могуць вярнуцца да поўнага адзінства, бо маюць супольную літургічную, тэалагічную і духоўную спадчыну, адну апостальскую веру. Такую думку выказаў Патрыярх Халдэйскай Царквы.

Ян Глінскі

“Я даследаваў нашу ўсходнюю спадчыну, а таксама творы Айцоў Царквы і не бачу нічога, што рабіла б немагчымым аб’яднанне Халдэйскай Царквы і Асірыйскай Царквы Усходу”, - адзначыў кардынал Луіс Рафаэль Сако і прапанаваў, каб аб’яднаная Царква мела назву Царква Усходу.

Таксама, на яго думку, маглі б аб’яднацца Сірыйская Царква і Каталіцкі Касцёл сірыйскага абраду, утварыўшы Сірыйскую Царкву Антыёхіі. Як адзначыў кардынал Сако, у гэтых Цэркваў адна літургічная, гістарычная, моўная і духоўная спадчына, і дзейнічаюць яны на адной зямлі.

Як падкрэсліў каталіцкі Патрыярх, гэтае адзінства пацвярджаюць супольныя хрысталагічныя дэкларацыі, падпісаныя Цэрквамі ў апошнія дзесяцігоддзі экуменічнага дыялогу. Акрамя гэтага, адзінства, ажыўленае малітвай, становіцца яшчэ больш відавочным, калі перажываецца ў плюралізме розных варыянтаў адміністрацыйнага, іерархічнага і культурнага характару, бо “тое, што аб’ядноўвае, нашмат большае за тое, што падзяляе”. Крыніцай жа адзінства, як сцвердзіў кардынал Сако, з’яўляецца прыналежнасць да Апостальскай традыцыі.

Іерарх заклікаў да адважнага дыялогу, нагадаўшы пра пазітыўны момант, звязаны з тым, што 12 верасня 2022 года, калі Асірыйская Царква падчас урачыстага адкрыцця новай сядзібы патрыярхату ў горадзе Эрбіль назвала сябе ў афіцыйным паведамленні Святой Апостальскай Каталіцкай Асірыйскай Царквой Усходу.

На думку кардынала Сако, дзякуючы адзінству хрысціян на Блізкім Усходзе магла б зменшыцца міграцыя з гэтага рэгіёна.

Асірыйская Царква Усходу прысутная ў Іраку, Кувейце, Сірыі, Персідскім заліве, Індыі, ЗША і Аўстраліі. Яе шматвекавой сталіцай быў Багдад, а сёння яе сядзіба знаходзіцца ў горадзе Эрбіль. Ва ўсім свеце налічваецца звыш 330 тысяч вернікаў.

Халдэйская Каталіцкая Царква існуе з 1553 года і з’яўляецца адной з найважнейшых сярод Цэркваў на Блізкім Усходзе. Яна дзейнічае ў поўнай лучнасці з Пантыфікам і налічвае каля 500 тысяч вернікаў, з якіх прыблізна палова жыве ў Іраку.
 

30 верасня 2022, 10:44