Пошук

Нямецкія біскупы ў Фульдзе Нямецкія біскупы ў Фульдзе 

Германія: нунцый нагадаў епіскапату пра еднасць з Біскупам Рыма

Апостальскі нунцый у Германіі нагадаў пра заклапочанасць Папы і Святога Пасаду ініцыятывай мясцовага Касцёла пад назвай сінадальны шлях.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Арцыбіскуп Нікола Этэравіч накіраваў прывітальны ліст удзельнікам восеньскага пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Біскупаў Германіі (DBK) у Фульдзе. Ён указаў на “сінадальнасць, калегіяльнасць і камунію як рэчаіснасці каталіцкай эклезіяльнасці, якія дапаўняць адна адну”.

Напрыклад, новыя афіцыйныя структуры або дактрыны могуць быць уведзены ў дыяцэзіях толькі па ўзгадненні з Паўсюдным Касцёлам, - нагадаў прадстаўнік Папы, спасылаючыся на заяву Святога Пасаду аб нямецкім сінадальным шляху з чэрвеня 2021 года. У гэтым духу ён заклікаў да “еднасці чальцоў усяго епіскапату з Біскупам Рыма”. Ён дадаў, што ў Касцёле існуе патрэба ў большай сінадальнасці ўжо існуючых структур – такіх як парафіяльныя, дыяцэзіяльныя і нацыянальныя рады, а не ў стварэнні новых.

Нунцый нагадаў і перасцярогу Францішка аб небяспецы “парламентарызму”, шкоднай для Касцёла з’явы, паколькі тут “усталёўваецца большасць і меншасць і аказваецца празмерны ціск для дасягнення жаданых мэт”. Сінадальнасць азначае “супольны шлях пад кіраўніцтвам Духа Святога”, - адзначыў ватыканскі дыпламат.

“Каб падкрэсліць духоўнае вымярэнне падзеі, шмат часу прысвячаецца асабістай і супольнай малітве; ёсць таксама кароткія перапынкі для цішыні і разважанняў”, - звярнуў увагу арцыбіскуп, працягваючы аналіз рэфарматарскай ініцыятывы ў Германіі.

Этэравіч заклікаў улічваць працэдуры, якія выкарыстоўваюцца на Сінодах Біскупаў у Рыме. Усе галасаванні на сінадальных асамблеях тут з’яўляюцца тайнымі. Гэта “адзін з метадаў Касцёла, які практыкаваўся на працягу стагоддзяў падчас важных галасаванняў”.

Восеньскае пасяджэнне епіскапату Германіі ў Фульдзе, завяршаецца 29 верасня 2022 года. Галоўны пункт парадку дня – абмеркаванне далейшага курсу Каталіцкага Касцёла ў краіне. Сустрэча ініцыятывы сінадальны шлях у Франкфурце-на-Майне ў пачатку верасня паказала, што існуе вялікая большасць прыхільнікаў рэформы і моцная меншасць, якая адхіляе многія з прапанаваных змен. Увага была прысвечана і падрыхтоўцы візіту ad limina ў Ватыкан, які пройдзе 14-19 лістапада 2022 года.

Канферэнцыя Біскупаў Германіі аб’ядноўвае дыяцэзіяльных і дапаможных біскупаў з 27 дыяцэзій. Яе рэзідэнцыя знаходзіцца ў Боне. Вясновыя пленарныя асамблеі праводзяцца ў розных месцах, а восеньскія – заўсёды ў Фульдзе. У мясцовай катэдры знаходзіцца магіла “апостала немцаў” – святога Баніфацыя. Зараз у склад Канферэнцыі ўваходзяць 67 іерархаў. Старшынёй з сакавіка 2020 года з’яўляецца біскуп Лімбурга Георг Бэтцынг. У сустрэчах заўсёды ўдзельнічае Апостальскі нунцый у Германіі.
 

29 верасня 2022, 10:02