Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

X фестываль хрысціянскай музыкі Дастукацца на нябёсаў праходзіць у Баранавічах. Увечары 27 жніўня 2022 года тут збярэцца моладзь з розных куткоў Беларусі на доўгачаканую падзею. Юбілейны DDN не маглі правесці больш за два гады – фестываль даводзілася пераносіць з-за пандэміі каронавірусу і іншых прычын. Паводле арганізатара, душпастыра моладзі Пінскай дыяцэзіі ксяндза Паўла Рудзьмана, сёлета на канцэрце праслаўлення выступяць тры калектывы, у тым ліку каталіцкі гурт Рыбы.

Сястра Назарэтанка прынесла ў Гродне вечныя манаскія абяцанні. 20 жніўня 2022 года ў касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі сястра Кацярына Шэнда з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта прынесла абяцанні на святой Імшы, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Адказваючы на пытанні біскупа, законніца абяцала яшчэ больш дасканала прысвяціць сябе Богу, з дапамогай Яго ласкі прыняць і заўсёды захоўваць свой лад жыцця ў дасканалай чыстасці, паслухмянасці і ўбостве.

Выйшаў у свет 100-ы нумар часопіса Наша вера. Гэта беларускае культурна-рэлігійнае і гістарычнае каталіцкае выданне было заснавана ў 1995 годзе. Юбілейны нумар часопіса пачынаецца словамі віншаванняў Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, арцыбіскупа Юзафа Станеўскага і Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскупа Віцебскага Алега Буткевіча, а таксама словам галоўнага рэдактара часопіса Крыстыны Лялько.

У Нарачы арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўзначаліў адпустовую ўрачыстасць і ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі. 21 жніўня 2022 года Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі наведаў тутэйшую парафію святога Андрэя, апостала ў дзень адпусту у гонар святога Роха, які асаблівым чынам ушаноўваецца ў нарачанскім касцёле. Сакрамэнт хрысціянскай сталасці з рук арцыбіскупа прынялі 23 кандыдаты.

Сустрэча моладзі Гродзенскай дыяцэзіі адбылася ў Тракелях. 20-21 жніўня 2022 года ў санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў сабралося каля 200 маладых людзей. Пасля вялікага перапынку ў сувязі з пандэміяй гэта была першая падобная сустрэча. Дні ў яе межах былі напоўнены малітвамі, адарацыямі, была забаўляльная праграма і канцэрт гурта Open. Заключную святую Імшу ўзначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.

У Маладзечне з удзелам прадстаўнікоў Касцёла і Царквы прайшла выстава абразоў Багародзіцы з Марыйных санктуарыяў Беларусі. 20–21 жніўня 2022 года ў гарадскім Палацы культуры мерапрыемства адкрылі арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, мясцовае каталіцкае духавенства і прадстаўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы. Адметнасцю перэгрынацыі абразоў Маці Божай, якая адбываецца па ініцыятыве ксяндза каноніка Уладзіслава Завальнюка, пробашча мінскай парафіі святога Сымона і святой Алены, з’яўляецца тое, што копіі цудадзейных ікон не толькі наведваюць касцёлы, але таксама экспануюцца ў свецкіх культурных установах.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

27 жніўня 2022, 07:54