Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Біскуп Караганды пракаментаваў анансаваны візіт Папы ў Казахстан

Мы ўсім сэрцам чакаем Папу, спадзеючыся, што ён можа зрабіць свой уклад у справу міру і салідарнасці, - пракаментаваў Біскуп Карагандзінскі Адэліа Дэль'Ора анансаваны візіт Францішка ў Казахстан.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Як заявіла напярэдадні Зала Друку Святога Пасаду, 13-15 верасня 2022 года Святы Айцец наведае Нур-Султан для ўдзелу ў кангрэсе рэлігійных лідараў.

“Мы з нецярпеннем чакалі афіцыйнай заявы (...). Афіцыйнай праграмы пакуль няма. Аднак магу сказаць, што ўрад прасіў кіраўнікоў усіх рэгіёнаў краіны падрыхтавацца і дапамагчы жадаючым паехаць на сустрэчу з Папам і ўсяляк падтрымаць іх, у тым ліку і транспартам”, - падкрэсліў іерарх італьянскага паходжання.

Ён адзначыў, што біскупы запрасілі Папу ў Казахстан тры гады таму, падчас свайго візіту ad limina ў Рым. Затым Прэзідэнт Казахстана запрасіў Францішка на з'езд рэлігійных лідараў, і ён прыняў гэтае афіцыйнае запрашэнне.

Біскуп паведаміў, што быў у Рыме 14 ліпеня 2022 года з нагоды 50-годдзя свайго прэзбітэрскага пасвячэння і што ён і яго калегі сустрэліся з Папам у Доме святой Марты. Ужо тады Францішак выказаў надзею на свой прыезд у Казахстан.

Дэль'Ора нагадаў, што жыхары Казахстана належаць да больш чым 130 нацыянальнасцей і да розных рэлігій. “Таму для Святога Айца гэта стане вельмі вялікай экуменічнай падзеяй. Акрамя таго, магчыма, што на кангрэс прыедзе і Патрыярх Кірыл. Такім чынам, гэта можа стаць магчымасцю для сустрэчы кіраўнікоў абедзвюх Цэркваў пасля іх размовы на Кубе ў 2016 годзе і пасля анлайн-канферэнцыі, якую яны правялі ў сакавіку. Спадзяёмся, што такая сустрэча стане магчымай”, - заўважыў Біскуп Карагандзінскі.

Іерарх паведаміў, што мясцовыя біскупы чакаюць афіцыйнай праграмы візіту, каб пачаць падрыхтоўку ў дыяцэзіях.

У 2001 годзе Казахстан наведаў Ян Павел ІІ. “21 год таму людзям было вельмі цікава сустрэць Папу з Рыма. Сёння глабалізацыя, асабліва сярод моладзі, знізіла гэтую цікаўнасць, але я думаю, што людзі значна больш у курсе таго, што адбываецца ў свеце, таму маюць жаданне сустрэцца з чалавекам, які з’яўляецца аўтарытэтным голасам на сусветным узроўні”, - лічыць біскуп Дэль'Ора.
 

02 жніўня 2022, 10:07