Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Дні моладзі Віцебскай дыяцэзіі праходзяць у Браславе. Вучняў школ, прафесійных устаноў, студэнтаў і працуючую моладзь запрасілі на сустрэчу пасля двухгадовага перапынку. 22-24 ліпеня 2022 года у санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў моладзь разважае на тэму Як трываць у Хрысце. У праграме святая Імша, духоўныя канферэнцыі, круглыя сталы з удзелам лектараў, малітва праслаўлення, канцэрт.

Па выніках першага туру ўступнага экзамену ў беларускія каталіцкія семінарыі залічаны пяць кандыдатаў. 20-21 ліпеня 2022 года ў будынку біскупскай канферэнцыі ў Мінску іспыт прымала камісія на чале з біскупам Аляксандрам Яшэўскім. Пытанні датычыліся Катэхізісa Каталіцкага Касцёла, жыцця паўсюднага і мясцовага Касцёла, яго структуры. Другі тур уступнага экзамену на першы курс Вышэйшых духоўных семінарый у Гродне і Пінску адбудзецца 10-11 жніўня.

Кіраўнік беларускага епіскапату ўзначаліў начную цэлебрацыю ў Гудагаі. Уначы з 16 на 17 ліпеня 2022 года ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль біскуп Віцебскі Алег Буткевіч адслужыў Эўхарыстую, перад якой адбылася працэсія з цудадзейным абразом Маці Божай Шкаплернай. Каранацыю гудагайскага абраза 15 гадоў таму здзейсніў святой памяці кардынал Казімір Свёнтэк.

Віцебская Курыя паведаміла, што пробашч мясцовай парафіі Святога Духа ксёндз Андрэй Вашчук быў асуджаны на 15 сутак арышту па абвінавачванні ў парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў. Суд адбыўся 18 ліпеня 2022 года ў закрытым рэжыме, таму ў чым канкрэтна абвінавацілі святара, невядома. Напярэдадні біскуп Юрый Касабуцкі заахвоціў усіх неабыякавых людзей да малітвы за зняволенага пробашча.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і біскуп Юрый Касабуцкі памаліліся за кардынала Казіміра Свёнтка ў гадавіну яго смерці. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі і Генеральны вікарый архідыяцэзіі 21 ліпеня 2022 года цэлебравалі святую Імшу ў архікатэдры. Да адзінаццатай гадавіны смерці кардынала Свёнтка ў адрэстаўраванай яго намаганнямі мінскай катэдры адкрылася падрыхтаваная выдавецтвам Pro Christo фотавыстава, прысвечаная жыццю і дзейнасці іерарха.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

23 ліпеня 2022, 09:52