Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У Гудагаі праходзяць урачыстасці з нагоды 15-й гадавіны каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Гудагайскай. Духавенства, мясцовыя вернікі і пілігрымы 15 ліпеня 2022 года ўдзельнічалі ў святой Імшы падзякі, увечары 16 ліпеня ў межах урачыстасцяў у гонар Маці Божай Шкаплернай у санктуарыі адбудзецца набажэнства Крыжовага шляху па самай працяглай Кальварыі ў Беларусі, апоўначы пройдзе працэсія святла і Эўхарыстыя, а 17 ліпеня  адпустовая святая Імша. Каранацыю гудагайскага абраза 15 гадоў таму здзейсніў святой памяці кардынал Казімір Свёнтэк.

Купалаў фэст у 140-годдзе з дня нараджэння беларускага песняра прайшоў у Радашковічах. 10 ліпеня 2022 года ў мясцовай парафіі Найсвяцейшай Тройцы ўшанавалі памяць народнага паэта Беларусі Янкі Купалы (Яна Луцэвіча), які тут атрымаў хрост у 1882 годзе. Фэст складаўся з трох частак: святой Імшы, музычнай праграмы і літаратурнай імпрэзы. Падчас свята ў касцёле гучаў арган XIX стагоддзя.

Дыяцэзіяльныя ўрачыстасці ў Тракелях завяршыліся аднаўленнем сужэнскіх абяцанняў i Эўхарыстыяй. 10 ліпеня 2022 года, на другі дзень урачыстасцяў у санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў, свае абяцанні аднавілі больш за 50 пар і затым паказалі супольны танец. Святую Імшу на заканчэнне ўрачыстасцяў узначаліў старшыня біскупскай канферэнцыі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. У Эўхарыстыі ўдзельнічалі арцыбіскуп-эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі.

Першы езуіт-беларус склаў вечныя манаскія шлюбы ў пасвячаным напярэдадні касцёле святога Ігнацыя Лаёлы ў Віцебску. Цырымонія ўрачыстага манаскага абяцання айца Віктара Жука адбылася 10 ліпеня 2022 года ў прысутнасці правінцыяла Велікапольска-Мазавецкай правінцыі Таварыства Езуса айца Збігнева Лячкоўскага.

Caritas Мінск працягвае дапамагаць жыхарам сельскай мясцовасці  дабрачыннае каталіцкае таварыства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі рэалізуе праект "Звераполіс". У чэрвені валанцёры і супрацоўнікі Caritas падтрымалі 143 чалавек у Старых Дарогах, Слуцку, Замосці, Нясвіжы, Гарадзеі, Дзяржынску, Ракаве, Івянцы і Валожыне, а ў ліпені дапамогу атрымалі 154 асобы з Чавусаў, Мсціслава, Княжыцаў, Бялынічаў, Крупак, Барысава, Смалявічаў і Капішча.

У Абухаве Гродзенскага раёна заклалі фундамент новага касцёла. Святыню будуюць па ініцыятыве вернікаў мясцовай парафіі благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі. Да гэтага часу ў вялікай вёсцы няма каталіцкай святыні, а тут жыве каля 300 католікаў. На працягу дзесяцігоддзяў вернікі наведвалі касцёлы ў іншых населеных пунктах, а цяпер, пасля завяршэння будаўніцтва, у іх з’явіцца магчымасць рэгулярна ўдзельнічаць у святой Імшы.

Прадстаўнікі амбасадаў краін Еўразвязу ў Беларусі наведалі Івянец і ўсклалі на прыкасцёльным цвінтары кветкі на магілы польскіх салдат, якія загінулі ў баях Другой сусветнай вайны. Таксама 13 ліпеня 2022 года дыпламаты наведалі тутэйшы касцёл Святога Міхаіла і кляштар францішканаў  помнікі пачатку XVIII стагоддзя. Амбасадары пазнаёміліся з гісторыяй кляштара і мястэчка.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

16 ліпеня 2022, 08:44