Пошук

Папа Францішак і арцыбіскуп Іван Юркавіч. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак і арцыбіскуп Іван Юркавіч. Ілюстрацыйнае фота 

Нунцый у Канадзе: візіт Папы сведчыць пра жаданне прымірэння

Шлях да прымірэння з карэннымі народамі будзе доўгім, але Касцёл жадае ісці ім, - падкрэсліў у інтэрв’ю Vatican News Апостальскі нунцый у Канадзе, арцыбіскуп Іван Юркавіч.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

37-е Апостальскае падарожжа Францішка, якое праходзіць пад дэвізам “Ісці разам” – гэта вельмі чаканы знак жадання садзейнічаць шляху аздараўлення і прымірэння з карэннымі народамі, якім у мінулым была нанесена вельмі вялікая шкода праз палітыку культурнай асіміляцыі, у ажыццяўленне якой былі ўключаны многія хрысціяне і члены манаскіх супольнасцей, - заўважыў папскі дыпламат.

Арцыбіскуп Юркавіч распавёў, што з моманту яго прызначэння нунцыем у Канадзе ён пагрузіўся ў вельмі асаблівую атмасферу, якая ўтварылася ў канадскім грамадстве, пазначаную вельмі крытычным стаўленнем да Касцёла ў сувязі з яго мінулым. Дыпламат нагадаў, што Касцёл зрабіў шмат добрага, але ў дадзеным выпадку гаворка ідзе пра пытанне, якое датычыць захавання самабытнасці карэннага насельніцтва.

“Нават калі Папы і біскупы некалькі разоў выступалі з тлумачэннямі і просьбамі аб прабачэнні, існавала патрэба ў вырашэнні гэтай праблемы. За апошнія тры гады Канферэнцыя Біскупаў распрацавала больш складаны шлях, які прадугледжваў у якасці першай мэты сустрэчу Святога Айца з чатырма дэлегацыямі. Гаворка ідзе пра вельмі важныя сустрэчы, якія адбыліся напрыканцы сакавіка і на пачатку красавіка. Яны адкрылі дзверы для гэтага надзвычайна шчырага жэсту Святога Айца – прыбыць сюды і асабіста даць сведчанне адносна пазіцыі Касцёла”, - патлумачыў іерарх, дадаючы, што чаканні ад візіту ў Канадзе вельмі высокія.

“Гэта дакладна будзе нетыповае падарожжа, бо звязана з вялікай адказнасцю. Безумоўна, яно будзе мець сваю ўрачыстую, радасную частку, якая адрознівае кожную малітву, асабліва калі яе ўзначальвае Святы Айцец. З іншага боку, існуе вялікая адказнасць перад грамадскай думкай, якая часам грунтуецца на ацэнках сітуацыі, не заўсёды прадстаўленай ва ўсёй яе складанасці. Сапраўды, у адносінах да Касцёла ўтварылася вельмі цяжкая атмасфера, таксама з-за некаторых медыйных спрашчэнняў, але ўсё ж ёсць і рэальная адказнасць, якая назапашвалася на працягу гісторыі”, - заўважыў нунцый.

Дыпламат падкрэсліў, што існуе вялікія радасць у сувязі з візітам Святога Айца, які прыбыў у Канаду, нягледзячы на тое, што падарожжа вельмі цяжкае з фізічнага пункту гледжання. У той жа час, ёсць спадзяванне, што пілігрымка Папы прынясе суцяшэнне людзям, якія пацярпелі. Арцыбіскуп Юркавіч запэўніў у гатоўнасці Касцёла працаваць на карысць карэнных народаў, раздзяляючы адказнасць за тое, што здарылася ў мінулым, разам з канадскімі ўладамі.

Прадстаўнік Папы перакананы, што падчас падарожжа будзе закранацца трагедыя вайны ва Украіне, бо ў Канадзе пражывае вельмі шмат украінцаў, якія эмігравалі ў гэтую краіну за апошнія сто гадоў. “Святы Айцец прыбывае як вястун усеагульнага міру, а не толькі нацыянальнага прымірэння. Ён вельмі заклапочаны мірам ва ўсім свеце, які ў гэты момант знаходзіцца пад такой драматычнай пагрозай”, - падкрэсліў Апостальскі Нунцый у Канадзе.
 

25 ліпеня 2022, 11:32