Пошук

11.jpg

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Стартавалі пілігрымкі ў Будслаў – першая выйшла з Баранавічаў. Гэта адбылося пасля двухгадовага перапынку. 23 чэрвеня 2022 года ў шлях працягласцю амаль 300 кіламетраў адправіліся некалькі дзясяткаў чалавек, па дарозе да іх будуць далучацца іншыя пілігрымы. Увесь шлях зойме 9 дзён. У бліжэйшы час пілігрымы таксама адправяцца са Смаргоні, Мінска, Полацка, Маладзечна і іншых куткоў Беларусі. Нагадаем, урачыстасці ў Будславе пройдуць 1-2 ліпеня.

У гадавіну пачатку Вялікай айчыннай вайны арцыбіскуп Юзаф Станеўскі маліўся за ўсіх палеглых. 22 чэрвеня 2022 года Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі правёў адмысловае набажэнства ў сталічным касцёле святых Сымона і Алены па просьбе дзяржаўных уладаў. З дапамогай Звана Нагасакі на прыкасцёльным цвінтары іерарх ударыў антываенны набат супраць усіх войнаў, што і сёння раздзіраюць чалавецтва. Таксама арцыбіскуп Станеўскі цэлебраваў Імшу ў інтэнцыі міру і за ахвяр усіх войнаў.

Упершыню ў гісторыі касцёла ў Нароўлі тут быў удзелены сакрамэнт канфірмацыі. 18 чэрвеня 2022 года ў мясцовай парафіі Узвышэння Святога Крыжа сабраліся кандыдаты з Нароўлі і іншых парафій Мазырскага дэканату: Лельчыцаў, Мазыра, Калінкавічаў, Петрыкава, Брынёва, Хойнікаў, Ельска і Грушаўкі. Цэлебраваў Эўхарыстыю і ўдзяліў сакрамэнт хрысціянскай сталасці Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец.

Канцэртамі ў Пінску, Магілёве і Гродне стартаваў маштабны арганны фестываль. У пінскай катэдры 18-19 чэрвеня 2022 года серыю канцэртаў у рамках фестывалю акадэмічнай арганнай музыкі Ars Magna Organi адкрыў выступ сталічнай арганісткі Калінікі Мядзведзевай. Затым у магілёўскай катэдры дала канцэрт Лізавета Марозава, а ў касцёле Маці Божай Анёльскай у Гродне сыграла Кацярына Іванова - на найстарэйшым у Беларусі аргане. Фестываль будзе праходзіць у 11 касцёлах з усіх дыяцэзій, серыю канцэртаў дадуць музыкі на гістарычных, сучасных, перанесеных і электронных арганах.

У тэалагічных каледжах у Мінску і Гродне ўрачыста завяршылі навучальны год. 18 чэрвеня 2022 года на малітвах з гэтай нагоды сабраліся адміністрацыя, выкладчыкі, навучэнцы каледжаў і сёлетнія выпускнікі - пасля паспяховай здачы экзаменаў і напісання заліковых прац яны змогуць дапамагаць дзецям і моладзі пазнаваць і любіць Хрыста. У сталіцы Імшу цэлебравалі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У Гродне ўзначаліў Эўхарыстыю мясцовы пастыр, біскуп Аляксандр Кашкевіч.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

25 чэрвеня 2022, 10:31