Пошук

Арцыбіскуп Паола Пецы (foto by olga hrul) Арцыбіскуп Паола Пецы (foto by olga hrul) 

Маскоўскі арцыбіскуп: хваляванне і страх перад будучыняй растуць

“Я бачу сярод расіян трывогу і страх перад будучыняй, а таксама боль, асабліва ў тых, хто мае сваякоў ва Украіне”, - прызнаўся пастыр дыяцэзіі Маці Божай у Маскве.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Арцыбіскуп Паола Пецы заўважыў, што, насуперак распаўсюджанаму меркаванню, у расійскім грамадстве няма адзінства меркаванняў адносна вайны. “Калі магу, наведваю парафіі і дапамагаю вернікам не баяцца фармуляваць свае меркаванні ў святле веры”, - прызнаўся ён.

У апошнія тыдні іерарх неаднаразова заклікаў вернікаў да малітвы і посту ў інтэнцыі спынення ўзброенага канфлікту. “Малітва і пост працягваюцца ва ўсіх парафіях, рэлігійных супольнасцях і касцёльных рухах”, - падкрэсліў ён, звяртаючы ўвагу на тое, што прабачэнне з’яўляецца адзіным магчымым спосабам пачаць усё нанова, нават пасля найвялікшага канфлікту. “Калі чалавек навучыцца дараваць, ён пераадолее нават самыя страшныя старонкі гісторыі. Прабачэнне – гэта асаблівы ўклад, які хрысціяне могуць унесці ў пабудову мірнай будучыні”, - адзначыў арцыбіскуп.

Адказваючы на пытанне аб магчымасці папскай паездкі ў Кіеў, іерарх звярнуў увагу на тое, што Францішак у цяперашні час з’яўляецца найвялікшым аўтарытэтам, да якога вельмі прыслухоўваюцца ў тым ліку і ў Расіі. “Гэта не значыць, што расіяне заўсёды з ім згодныя, але яго, безумоўна, чытаюць і слухаюць”, - падкрэсліў маскоўскі каталіцкі арцыбіскуп.
 

11 красавіка 2022, 09:49