Пошук

Украінскі хлопец-бежанец глядзіць у акно цягніка на Варшаву Украінскі хлопец-бежанец глядзіць у акно цягніка на Варшаву 

Епіскапаты ўсяго свету далучаюцца да дапамогі бежанцам з Украіны

Міжнародная каталіцкая камісія па міграцыі ў супрацоўніцтве з епіскапатамі з усяго свету працягвае збіраць сродкі для дапамогі людзям, якія ўцякаюць ад вайны ва Украіне.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Толькі ў Польшчу ўжо прыехалі больш за мільён украінскіх уцекачоў. Таксама ў вялікай колькасці яны прыбываюць у Славакію, Венгрыю, Малдову і Румынію.

Мэтай жэнеўскай камісіі з’яўляецца аказанне неабходнай дапамогі і абароны бежанцам. Атрыманыя сродкі плануецца накіраваць таксама на падтрыманне функцыянавання гуманітарных калідораў. Першыя спробы іх запуску былі зроблены ў мінулую суботу, але яны сутыкнуліся з цяжкасцямі з прычыны невыканання расійскімі войскамі рэжыму спынення агню.

Паводле ацэнак генеральнага сакратара камісіі, колькасць бежанцаў у бліжэйшыя тыдні можа перавысіць агулам 5 мільёнаў чалавек. Таму неабходна выпрацоўваць сістэмныя рашэнні, а не толькі рэагаваць на бягучыя патрэбы.

“У працэсе ўдзельнічаюць гуманітарныя агенцтвы ААН і Еўрапейскага саюза, але меншыя структуры, такія як Касцёл, дзейнічаюць хутчэй”, - лічыць ксёндз Роберт Віціла.

“Касцёл добра арганізаваны і падрыхтаваны, калі справа даходзіць да рэагавання на крызісныя сітуацыі. Хачу падкрэсліць, што большасць каталіцкіх гуманітарных арганізацый, у тым ліку і наша, маюць пастаянны кантакт з Святым Пасадам, які каардынуе працу, каб дапамога была максімальна эфектыўнай. Вядома, у кожнай арганізацыі свая спецыфіка і свае ідэі. Аднак такое супрацоўніцтва дазваляе нам пераканацца, што мы не пакідаем прабелаў у дапамозе і што падтрымка аказваецца ва ўсіх сферах. Мы стараемся дапамагчы мясцовым Касцёлам, таму што яны лепш арыентуюцца ў патрэбах. Людзі сёння павінны маліцца за мір, але і рабіць ахвяраванні”, - адзначыў генеральны сакратар Міжнароднай каталіцкай камісіі па міграцыі.
 

08 сакавіка 2022, 11:55