Пошук

Епіскап Кэнэт Новакоўскі, кардынал Вінцэнт Нікалс і іерархі і духавенства Грэка-Каталіцкай Царквы ў Вялікабрытаніі Епіскап Кэнэт Новакоўскі, кардынал Вінцэнт Нікалс і іерархі і духавенства Грэка-Каталіцкай Царквы ў Вялікабрытаніі 

Англія: біскупы напісалі ліст міністру замежных спраў па Украіне

Восем біскупаў, якія прадстаўляюць каталіцкі епіскапат Англіі і Уэльса, скіравалі Міністру замежных спраў Вялікабрытаніі Элізабэт Трас падзяку за дапамогу Украіне і супрацьстаянне расійскай агрэсіі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Англіі і Уэльса далучаецца да Касцёла ў Еўропе, заклікаючы міжнародную супольнасць дзейнічаць сумесна і рашуча, каб неадкладна спыніць вайну Расіі супраць Украіны і зрабіць усё магчымае для абароны нявінных мужчын, жанчын і дзяцей", - заявілі іерархі ў пачатку ліста да кіраўніка брытанскага Міністэрства замежных спраў.

Яны нагадалі, што грэка-каталіцкая супольнасць з'яўляецца важнай часткай Касцёла Англіі і Уэльса і сям’ёй для многіх украінцаў, якія “пацярпелі ад незаконных ваенных дзеянняў Расіі з 2014 года і цяпер сутыкаюцца з катастрафічнай эскалацыяй насілля”.

“Наша краіна мае выразны маральны абавязак падтрымліваць украінскі народ”, - падкрэслілі біскупы, падзякаваўшы брытанскаму ўраду за ўжо зробленыя крокі. Яны нагадалі пра неабходнасць правядзення гуманітарных дзеянняў. “Мы глыбока ўсведамляем небяспеку таго, што без хуткага і мірнага рашэння насілле працягне распаўсюджвацца, становячыся пагрозай для ўсяго кантынента і павялічваючы пакуты, якія ўжо адчувае народ Украіны”, - гаворыцца ў лісце.

Сярод падпісантаў ёсць епіскап Кэнэт Навакоўскі, пастыр Грэка-Каталіцкай Царквы ў Вялікабрытаніі.
 

01 сакавіка 2022, 11:29