Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У Беларусі моляцца за былога кусташа Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе а. Віктара Бурлакі. Ён адыйшоў у вечнасць 9 лютага 2022 г. у бэрнардынскім кляштары ва ўкраінскім Шаргарадзе на 48-м годзе жыцця пасля цяжкай хваробы. Ліст Міністру мясцовай правінцыі бэрнардынаў ад імя беларускіх вернікаў скіраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Ён выказаў спачуванні і адзначыў, што большая частка святарскага жыцця а. Віктара прайшла ў Беларусі, і ён застанецца ў памяці духавенства і вернікаў як “руплівы пастыр, сціплы манах і адкрыты сябар, руплівец культу Маці Божай Будслаўскай”.

Копіі цудадзейных абразоў Маці Божай працягваюць перэгрынацыю па Гродзеншчыне. 5 лютага 2022 г., ва ўспамін св. Агаты, панны і мучаніцы, абразы даставілі ў парафію св. Космы і Дам’яна ў Астраўцы. Тут яны прабылі тыдзень, а 12 лютага незвычайная пілігрымка накіравалася да варнянскай парафіі св. Юрыя. Нагадаем, на пачатку лета восем абразоў, якія благаславіў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч, правезлі ўздоўж межаў краіны, а затым арганізавалі перэгрынацыю па розных парафіях.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі памаліўся за ўсіх хворых і церпячых. 11 лютага, 2022 г. ва ўспамін Маці Божай Люрдскай, калі адзначылі 30-ы Сусветны дзень хворага, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўзначаліў цэлебрацыю св. Імшы ў катэдральным касцёле ў Мінску, а пасля гаміліі ўдзяліў сакрамэнт намашчэння хворых усім прысутным хворым і людзям сталага веку. “Cакрамэнт хворых яднае чалавека з Хрыстом, умацоўвае яго, робіць хворага чалавека адважным сярод выпрабаванняў”, - адзначыў арцыпастыр і дадаў, што “хвароба – гэта не пакаранне, а шанц сустрэчы з церпячым за збаўленне свету Езусам”. Дзякуючы анлайн-трансляцыя да малітвы змаглі далучыцца сотні вернікаў, якія цяпер не маюць магчымасці наведваць касцёл.

Біскуп Гродзенскі памаліўся за спачылага а. Пятра Марцінца, які шмат гадоў служыў у дыяцэзіі. На Эўхарыстыі ў касцёле Хрыста Валадара Сусвету ў Азёрах 10 лютага 2022 г. сабраліся парафіяне і вернікі з Жытомлі, Кашубінцаў, Абухава, дзе а. Пётр служыў на працягу амаль 17 гадоў. У гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч выказаў перакананне, што ў памяці вернікаў спачылы застанецца назаўсёды як “руплівы святар, поўны дабрыні, гумару, прастаты і цеплыні”. А. Пётр адышоў у вечнасць 6 лютага 2022 г. на 79-м годзе жыцця ў польскім Пыскавіцэ.

Апублікавана праграма зімовых урачыстасцяў у Росіцы. У гэтай вёсцы на Віцебшчыне 19 лютага 2022 г. адзначаць успамін благаслаўлёных Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры, святароў марыянаў, мучанікаў Другой сусветнай вайны. Св. Імшу апоўдні будзе цэлебраваць біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. З Мінска ў Росіцу скіруецца аўтобусная пілігрымка, да якой могуць далучыцца ўсе ахвотныя.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

12 лютага 2022, 08:40