Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

СДМ 2023: “год рэалізацыі” арганізацыйных планаў

Арганізатары Сусветных дзён моладзі, якія пройдуць у 2023 годзе ў Лісабоне, абвясцілі аб пачатку фінальнага этапу падрыхтоўкі да сустрэчы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У мінулую суботу, 12 лютага 2022 года, прайшла сустрэчы з удзелам членаў Аргкамітэта і 200 валанцёраў. На ёй абвясцілі аб пачатку “года рэалізацыі” арганізацыйных планаў, які ўвянчаецца прыездам у Лісабон у жніўні 2023 года Святога Айца і пілігрымаў з усяго свету.

З гэтай нагоды інфармацыйнае агенцтва Ecclesia партугальскага епіскапату, звязанае з арганізатарамі форума, абвясціла, што месцам сустрэчы Папы з моладдзю стане сучасны Парк Тэжу, размешчаны ў паўночна-ўсходняй частцы Лісабона і створаны на мяжы мінулага стагоддзя ў месцы, дзе прырода некалі значна пацярпела ад прамысловасці. Яго плошча – прыблізна 90 гектараў.

Інфармацыю, якую распаўсюдзілі партугальскія СМІ, яшчэ не пацвердзілі структуры Святога Пасаду, дзе прымаецца канчатковае рашэнне па праграме і месцах сустрэч Папы з вернікамі. Яны павінны адпавядаць шэрагу патрабаванняў, звязаных не толькі з бяспекай, але і, між іншым, экалогіяй.

Сусветныя дні моладзі пройдуць у Лісабоне 1-6 жніўня 2023 года. Іх тэма – словы, узятыя з Евангелля паводле св. Лукі: Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну (1, 39). Форум павінен быў адбыцца ў 2022 годзе, але планам перашкодзіла пандэмія каронавіруса.
 

16 лютага 2022, 11:46