Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Біскуп Юрый Касабуцкі павіншаваў праваслаўных з Божым Нараджэннем, якое хрысціяне Усходу адзначылі 7 студзеня 2022 г. Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі на сваёй старонцы ў Facebook пажадаў усім "супакою і згоды, каб у сем'ях панавалі лад і дабрыня, а Божы Сын у кожнай нашай жыццёвай сітуацыі благаслаўляў і аб'ядноўваў". Як адзначае біскуп, "калі мы чытаем апісанне Нараджэння Хрыста, звяртаем увагу на тое, як розныя людзі прыходзяць пакланіцца нованароджанаму Дзіцятку: і простыя пастушкі, і мудрацы з Усходу. Усіх іх, нягледзячы на розны статус, погляды, аб'ядноўвае Хрыстос, які прыйшоў у наш свет, каб прынесці збаўленне кожнаму чалавеку".

Ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана вернікі прайшлі ў працэсіі вуліцамі Гродна. Традыцыю правядзення працэсій на гэта свята падтрымалі маленькiя вернiкi парафii Святога Духа. 6 студзеня 2022 г. яны сабралiся разам і вырушылі да парафiяльнай стаенкi. Узначалiлi працэсiю "Тры Каралi", за iмi ішлi "анёлы" i астатнія ўдзельнiкi – з прыгожым спевам дзецi i дарослыя абвяшчалі нараджэнне Збаўцы. Дарэчы, падчас зімовых канікул дзеці збудавалі сваю батлейку – цэлы Бэтлеем: замкі, дамы, млыны і стайні.

У Мінску развіталіся з прафесарам Адамам Мальдзісам. Пахавальная св. Імша адбылася 5 студзеня 2022 г. у парафіі св. Сымона і св. Алены. Цэлебрацыю ўзначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч. Падчас гаміліі ён нагадаў, што літаратуразнаўца, гісторык, пісьменнік Адам Мальдзіс "стаяў ля вытокаў адраджэння Беларусі, яе культуры, літаратуры, шмат зрабіў для таго, каб беларуская мова гучала як мага мацней". Паводле іерарха, прафесар Мальдзіс "ажывіў душу народа", і спачылага можна назваць "патрыярхам адраджэння беларускага пісьменніцтва і культуры". Пахавалі яго на могілках вёскі Задворнікі Астравецкага раёна.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі памаліўся з вернікамі Бабруйска. У нядзелю, 2 студзеня 2022 г. арцыбіскуп Юзаф Станеўскі здзейсніў першае ў новым годзе пастырскае падарожжа па архідыяцэзіі, наведаўшы парафію Беззаганнага Зачацця Найсвяйцейшай Панны Марыі ў Бабруйску, там узначаліў цэлебрацыю св. Імшы, ўдзельнікі якой маліліся аб супакоі і згодзе паміж людзьмі і паміж народамі. Іерарх заўважыў, што бабруйскі касцёл да гэтага часу застаецца ў знявечаным выглядзе, схаваны ад вачэй за непрывабным пяціпавярховікам, узведзеным замест касцёльнай вежы, і выказаў надзею, што святыня набудзе першапачатковы выгляд.

У Хрысціянскім сацыяльным цэнтры павіншавалі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з днём нараджэння. З нагоды 76-годдзя заслужанага іерарха 3 студзеня 2022 г. у капліцы цэнтра дзеці, іх бацькі, выхавацелі і супрацоўнікі сабраліся на св. Імшы, каб разам падзякаваць Богу за дар жыцця арцыпастыра. У віншаваннях прадстаўнікі Місіі адзначылі ягоную ахвярную шматгадовую працу, заўсёды поўнае Божай любові стаўленне да людзей, а таксама жыццёвую актыўнасць, якая шмат для каго з’яўляецца прыкладам.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

08 студзеня 2022, 09:37