Пошук

Кардынал Оскар Радрыгес Марадзьяга з Францішкам Кардынал Оскар Радрыгес Марадзьяга з Францішкам 

Папа верна выконвае ўказанні, сфармуляваныя перад канклавам

“Мы перажываем новы этап пантыфікату Францішка, а не яго завяршэнне”, - лічыць кардынал Оскар Радрыгес Марадзьяга. На сакавік прыпадае дзявятая гадавіна абрання кардынала Хорхэ Марыа Бэрголіа.

Ян Глінскі - Vatican News

Як адзначыў каардынатар Рады кардыналаў, устаноўленай Папам для дапамогі яму ў кіраванні Касцёлам і падрыхтоўцы рэформы Рымскай курыі, адной з самых складаных спраў была ўніфікацыя фінансавага балансу ўстаноў, звязаных з Дзяржавай Ватыкан і Святым Пасадам, з мэтай спрашчэння кантролю і прадухілення злоўжыванняў, дубліравання кампетэнцый і магчымых скандалаў.

Адным з крокаў, якія трэба было зрабіць, стала наладжванне працы Інстытута рэлігійных спраў, так званага Ватыканскага банка. “Рэформа пачынаецца з фінансаў. Напрыклад, трэба было ліквідаваць вельмі шмат рахункаў, якіх не павінна ў ім быць і якія служылі іншым мэтам, такім як утойванне фондаў ад італьянскай дзяржавы”, - прызнаў кардынал.

Іерарх падкрэсліў, што Францішак верна выконвае ўказанні, якія сталі вынікам сустрэч кардыналаў перад канклавам, на якім ён быў абраны. Тады былі сфармуляваны некаторыя крокі, якія новы Пантыфік павінен рэалізаваць. Адным з іх было менавіта стварэнне Рады кардыналаў як кансультацыйнага органу, каб Папа мог разлічваць на групу лакальных кардыналаў і атрымліваць інфармацыю не толькі ад нунцыятур і Дзяржсакратарыята.

На думку кардынала Марадзьяга, Папа здзейсніў рэформу на трох узроўнях: духоўным – праз свае жэсты і Год Міласэрнасці; эклезіяльным – калі заклікаў Касцёл да разважання на тэму сінадальнасці; інстытуцыянальным – праз змены ў ведамствах, садзейнічанне празрыстасці ў эканоміцы і барацьбу з сексуальнымі злоўжываннямі ў Касцёле.

“Некаторыя кажуць, што ідзе заключны этап пантыфікату. Я кажу “не”. Гэта новы этап пантыфікату”, - падкрэсліў 79-гадовы кардынал. На думку іерарха, цяпер неабходны наступны, далікатны крок, сутнасць якога ва ўмацаванні рэформы праз прызначэнні. Завяршаецца выпрабавальны тэрмін заснаваных устаноў і настае момант абрання тых, хто зробіць іх больш моцнымі.
 

21 студзеня 2022, 09:34