Пошук

Касцёл святых Сымона і Алены ў Мінску Касцёл святых Сымона і Алены ў Мінску 

Якім Касцёл у Беларусі запомніць 2021 год?

Многія лёгка развіталіся з 2021 годам, лічачы яго цяжкім. Для Касцёла ў Беларусі апошнія месяцы таксама былі рознымі: кадравыя змены, форс-мажоры, і ўсё гэта – на фоне пандэміі. Беларуская рэдакцыя Vatican News хоча нагадаць падзеі мінулых дзён.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Неўзабаве пасля сустрэчы Новага года, акурат у свой дзень нараджэння, 3 студзеня 2021 года, арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч выйшаў у адстаўку. 24 студзеня ў Мінску вернікам прадставілі біскупа Казіміра Велікасельца, якога прызначылі Апостальскім адміністратарам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

3 лютага ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Мазыры ўпершыню за 150 гадоў адбылася святая Імша з удзелам духавенства і вернікаў. Набажэнства было прымеркавана да 310-й гадавіны пасвячэння касцёла. Заўсёды радасна, калі вяртаюцца храмы!

У сакавіку адзначылі 110 гадоў з дня нараджэння айца Льва Гарошкі – святара, інтэлектуала, грамадскага дзеяча і журналіста, шматгадовага кіраўніка Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё. Яго дзейнасць не мае шырокага прызнання ў Беларусі, але спадчына, пакінутая гэтым руплівым пастырам, заслугоўвае самай вялікай увагі.

4 красавіка 2021 года католікі Беларусі адзначылі Вялікдзень – другі за час пандэміі, якая значна змяніла рэлігійнае жыццё. Таксама гэта была Пасха 30-гадовага адраджэння структур Касцёла ў краіне – сімвалічная дата, якая кажа, што дабро заўсёды бярэ верх.

11 мая мела месца нацыянальная драма: пажар у санктуарыі ў Будславе. Полымя знішчыла дах, нанесла вялікую шкоду інтэр’еру. Храм, пасля агляду спецыялістамі, быў прызнаны аварыйным. Падзея аб'яднала ўсіх беларусаў: на дапамогу прыехалі шматлікія валанцёры, быў арганізаваны дабрачынны збор сродкаў, на які шчодра адгукнуліся людзі розных веравызнанняў.

З нагоды ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста ў Мінску другі год запар была адменена працэсія вуліцамі горада, але яна прайшла 6 чэрвеня на цвінтары пры касцёле Найсвяцейшай Тройцы на Залатой горцы.

Нягледзячы на пажар у Будслаўскім касцёле, не былі адменены традыцыйныя ліпеньскія ўрачыстасці. Зайсці ў базыліку было нельга, але набажэнствы адбываліся на адкрытым паветры. Будслаў па традыцыі наведалі вернікі з усёй краіны.

14 жніўня ў Барысаве арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч здзейсніў пасвячэнне новага касцёла Спаслання Духа Святога. Чакалі гэтай падзеі больш за 10 гадоў, да гэтага часу ў буйным раённым цэнтры дзейнічаў толькі адзін касцёл.

14 верасня арцыбіскупам Мінска-Магілёўскім быў прызначаны Юзаф Станеўскі. Да гэтага часу ён быў дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі.

У кастрычніку адзначалі 100-годдзе служэння салезіянцаў у Беларусі. Першая група святароў гэтай кангрэгацыі прыбыла на тэрыторыю сённяшняй Беларусі 16 чэрвеня 1921 года. Першым пунктам іх новай місіі стаў Дварэц – вёска, якая цяпер знаходзіцца ў Дзятлаўскім раёне.

У лістападзе адзначылі 5-ю гадавіну вяшчання Радыё Марыя ў Беларусі – вынік руплівай працы свецкіх вернікаў і святароў, шчырых і адданых людзей, якія нясуць Божае слова сваім братам і сёстрам с дапамогай сродкаў масавай камунікацыі. Таксама ў лістападзе Каталіцкі Касцёл уключыўся ў дапамогу мігрантам, якія апынуліся на беларуска-польскай мяжы.

Напярэдадні Божага Нараджэння ў касцёле ў Будславе ўпершыню з моманту пажару адбыліся святыя Імшы. На аднаўленне храма ўжо ахвяравана 1 мільён 145 тысяч беларускіх рублёў. Католікі ўсёй Беларусі святкавалі нараджэнне Хрыста з надзеяй на благаслаўлёны 2022 год.
 

02 студзеня 2022, 11:10