Пошук

Маці Божая Фацімская Маці Божая Фацімская 

Фігурка Маці Божай Фацімскай зноў пачне пілігрымку па свеце

У 2022 годзе працягнецца перэгрынацыя па свеце фігуркі Маці Божай Фацімскай. Яна адновіцца пасля перапынку, выкліканага пандэміяй каронавіруса.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

На сайце марыйнага санктуарыя ў Фаціме паведамляецца, што сёлета статуэтка Панны Марыі здзейсніць чатырнаццаць падарожжаў, у рамках якіх наведае Партугалію, ЗША, Францыю, Нікарагуа, Аргентыну, Італію, Чылі, Грузію, Арменію, Азербайджан, Іспанію і Калумбію.

Адносна галоўнай багародзічнай фігуркі, якая пастаянна захоўваецца ў базыліцы і пакідае яе толькі пры асаблівых нагодах, удакладняецца, што ў бягучым годзе не прадугледжана ніякіх падзей з яе удзелам па-за санктуарыем.

Першая статуэтка Маці Божай Фацімскай, якая пілігрымуе па свеце, была зроблена згодна з указаннямі сястры Лусіі душ Сантуш – адной з трох сведкаў аб’яўленняў Багародзіцы ў Фаціме ў 1917 годзе.

Ідэя перэгрынацыі ўзнікла ў 1945 годзе, адразу пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, калі адзін святар з Берліна прапанаваў, каб статуэтка Маці Божай Фацімскай пабывала ва ўсіх сталіцах і біскупскіх гарадах Еўропы аж да мяжы з Савецкім Саюзам. Гэта ідэя была падтрымана люксембургскай Міжнароднай радай каталіцкай моладзі, якая ўключылася ў ажыццяўленне задумы. У 1947 годзе марыйная фігурка была ўрачыста каранавана і пачала пілігрымаваць па свеце, несучы людзям пасланне любові і міру.
 

03 студзеня 2022, 10:50