Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Пра ахвяр войнаў, канфліктаў і насілля, палонных і зняволеных па палітычных матывах, узгадаў Святы Айцец 25 снежня 2021 года ў калядным пасланні перад благаслаўленнем Urbi et Orbi.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Ва ўрачыстасць Нараджэння Пана ў Гродне асвячаюць новы касцёл. Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч 25 снежня 2021 г. асвячае будынак парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай Маці Міласэрнасці. Урачыстая св. Імша запланавана ў новай святыні ў 14.00. Да ўдзелу ў супольнай малітве запрасілі ўсіх ахвотных, каб разам дзякаваць Пану Богу за дар гэтага касцёла, а таксама за ўсіх ахвярадаўцаў, якія прычыніліся да яго ўзвядзення.

З пастырскім пасланнем на Нараджэнне Пана звярнуўся Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Як падкрэсліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, “cёння патрэбныя людзі добрай волі, гатовыя да добразычлівага дыялогу ва ўсіх сферах сямейнага і грамадскага жыцця”: “Мы не можам чакаць, пакуль іншыя стануць добрымі. Папа Францішак пастаянна нагадвае, што сучасны свет чакае ад нас, веруючых хрысціянаў, Евангелля на далоні, гэта значыць, чакае ад нас праведнага жыцця ў адпаведнасці з прынцыпамі Евангелля”. У той жа час, адзначае іерарх, “нельга забываць, што ўзаемнае праяўленне добрай волі павінна заўсёды адбывацца ў атмасферы пошуку праўды, а гэта патрабуе намаганняў і мужнасці”. Таксама ён благаслаўляе на “радасць сустрэчы і дыялогу з Богам, чалавека з чалавекам, грамадзяніна з грамадзянінам у Новым 2022 годзе”.

Біскуп Віцебскі заспяваў пад гітару на перадкаляднай вечарыне. Яна адбылася 16 снежня 2021 г. у абласной бібліятэцы. У падрыхтоўцы і правядзенні сустрэчы Ціхая ноч, святая ноч! узялі ўдзел вернікі парафіяльных супольнасцяў горада, кансэкраваныя і свецкія асобы. Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, не толькі сардэчна прывітаў гледачоў, але і прачытаў верш і праспяваў пад уласны акампанемент калядную песню.

У Мінску пачынаецца фестываль духоўнай музыкі Калядныя вечары на Залатой Горцы. З 25 снежня 2021 г. па 15 студзеня 2022 г. у касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) адбудуцца калядныя музычныя вечары. Сёлета запланавана 13 праграм духоўнай музыкі: арганнай, камернай і вакальнай. Сярод іх арганныя канцэрты беларускіх арганістаў Вікторыі Куцько, Кацярыны Нікалаевай, Ганны Лабкоўскай, Аляксандры Галубцовай, Фёдара Марозава. Два канцэрты прадставяць сямейныя дуэты арганістаў Ганны і Паліны Горбач, Лізаветы і Ірыны Марозавых. З харавой традыцыяй калядных спеваў пазнаёміць Дзяржаўны камерны хор пад кіраўніцтвам Наталлі Міхайлавай. Запланаваны шэраг вечароў, прысвечаных фальклорнай традыцыі святкавання Калядаў.

Вернікі Гродзенскай дыяцэзіі праз Caritas перадалі падарункі дзецям мігрантаў на мяжы. Прадстаўнікі каталіцкай рэлігійнай місіі 17 снежня 2021 г. даставілі падарункі ў транспартна-лагістычны цэнтр, што стаў часовым прытулкам для людзей з краін Блізкага Усходу, сярод якіх нямала жанчын і дзяцей. Гэта была ўжо чарговая партыя дапамогі, перададзеная вернікамі Гродзенскай дыяцэзіі і ўсяго Касцёла на Беларусі мігрантам праз дабрачынную арганізацыю.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі наведаў з візітам кіраўніка Беларускай Праваслаўнай Царквы. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі 22 снежня 2021 г. сустрэўся з Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Веніямінам. Гэты візіт да праваслаўнага прадстаяцеля стаў першым з моманту прызначэння арцыбіскупа Станеўскага на пасаду Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага. Мэтай сустрэчы было падтрыманне і развіццё адкрытых братэрскіх адносін паміж Касцёлам у Беларусі і Праваслаўнай Царквой. Напярэдадні арцыбіскуп Станеўскі разам з Апостальскім нунцыем арцыбіскупам Антэ Ёзічам сустрэўся з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем. Асноўнымі тэмамі гутаркі сталі актуальнае становішча Касцёла ў Беларусі, узаемадзеянне Святога Пасаду і афіцыйнага Мінска, а таксама некаторыя іншыя пытанні.

Caritas у Іўі аказаў дапамогу патрабуючым напярэдадні Божага Нараджэння. Прадстаўнікі дабрачыннага каталіцкага таварыства парафіі св. апосталаў Пятра і Паўла 23 снежня 2021 г. наведалі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, шматдзетныя сем’і, а таксама адзінокіх людзей. Валанцёры падзяліліся прадуктовымі наборамі і святочнымі пасылкамі з патрабуючымі Іўя і наваколля. Адным з самых важных мерапрыемстваў акцыі было наведванне Іўеўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Там валанцёры пакінулі дзецям падарункі і павіншавалі іх са святамі.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, ave-maria.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

25 снежня 2021, 12:40