Пошук

11.jpg

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Aрцыбіскуп-эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч пажадаў на пачатак Адвэнту, каб праблемы сучаснасці дапамаглі адкрыць вочы на Бога. Падчас гаміліі 28 лістапада 2021 г. у гродзенскай катэдры заслужаны іерарх звярнуўся да вернікаў, якія сабраліся на Эўхарыстыі, каб з малітоўным настроем увайсці ў новы літургічны перыяд. Арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў, што як час ад часу чалавек праходзіць медагляд, так і Адвэнт з’яўляецца адпаведным момантам зрабіць агляд нашага духоўнага стану. А таксама – засяродзіў увагу на значэнні Адвэнту найперш як духоўнай падрыхтоўкі да другога прыйсця Хрыста і сустрэчы з Ім у хвіліну смерці.

Апостальскі нунцый адзначыў свята апостала Андрэя разам з мінскімі грэка-католікамі. Арцыбіскуп Антэ Ёзіч наведаў парафію святога і праведнага Язэпа ў Мінску 28 лістапада 2021 г. і ўзяў удзел у супольнай малітве з грэка-каталіцкімі вернікамі і духавенствам на чале з Апостальскім візітатарам архімандрытам Сяргеем Гаекам. У прамоўленай гаміліі прадстаўнік Святога Айца засяродзіўся на шляхах пошуку хрысціянскага адзінства ў кантэксце новай сінадальнай праграмы паўсюднага Касцёла: камуніі, удзеле і місіі.

У касцёле ў Карэлічах біскуп Юрый Касабуцкі благаславіў абраз св. Ружы – апякункі кветкаводаў. Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі прыбыў у мясцовую парафію Маці Божай Нястомнай Дапамогі 27 лістапада 2021 г. па запрашэнні святароў з манаскага Ордэна св. Паўла, першага пустэльніка. Падчас цырымоніі інтранізацыі біскуп Касабуцкі благаславіў абраз св. Ружы, напісаны мастаком з Бярозаўкі Міхалам Савашынскім. Святая дамініканка з Лімы з’яўляецца апякункай садаводаў і кветкаводаў, якіх нямала сярод карэліцкіх вернікаў, таксама яна дапамагае сем’ям, якія перажываюць крызіс.

Рукапісы перакладаў Бібліі кс. Уладзіслава Чарняўскага перадалі ў фонды Нацыянальнай бібліятэкі. Гэта адбылося 1 снежня 2021 г. падчас пасяджэння круглага стала на тэму Беларускія пераклады Бібліі. Мерапрыемства прымеркавалі да 95-годдзя выдання першай кнігі Святога Пісання на сучаснай беларускай мове, сустрэча сабрала прадстаўнікоў Цэркваў і духавенства розных канфесій, тэолагаў, гісторыкаў, выкладчыкаў, перакладчыкаў і філолагаў. Асаблівую цікавасць ва ўдзельнікаў выклікала пытанне аб выкарыстанні ілюстрацый і мультымедыйных сродкаў як спосабаў папулярызацыі Бібліі.

У Будславе ладзяць дабрачынны кірмаш – сродкі накіруюць на рамонт. Парафія запрашае ахвотных прыносіць свае вырабы, каб на Калядным кірмашы кожны жадаючы мог забраць сабе сувенір за любую суму ахвяраванняў. Збор працягнецца да 19 снежня 2021 г., затым пачнецца кірмаш. Пункты збору падарункаў – у касцёлах у Будславе і на Залатой Горцы ў Мінску. Паводле інфармацыі парафіі, на адбудову святыні пасля пажару ў маі 2021 г. сабрана звыш 1 млн 130 тыс. рублёў ахвяраванняў. Базыліку цалкам накрылі часовым дахам, умацавалі купал, але ёсць неабходнасць далей працягваць рамонтныя працы.

Тым часам вучні школы ў Нарачы стварылі віртуальную пілігрымку ў Будслаў. Унікальны анлайн-праект падрыхтавалі разам з педагогамі навучэнцы сярэдняй школы №2 – відэа-экскурсія дапамагае віртуальна наведаць святыню. Паводле стваральнікаў, такім чынам яны хацелі ўкласці сваю духоўную цаглінку ў рэканструкцыю будслаўскага касцёла. Школьнікі апавядаюць пра гісторыю базылікі, звязаныя з ёю цуды, а таксама пра пілігрымкі на Будслаўскі фэст, прызнаны ЮНЕСКА часткаю нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

04 снежня 2021, 11:09