Пошук

Vatican News
11.jpg

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч - спецыяльна для Vatican News

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі звярнуўся з пастырскім пасланнем на Адвэнт. Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі заклікаў "прыняць Божае Дзіця ў свой Бэтлеем" і запрасіў падчас барацьбы з эпідэміяй ды іншымі праблемамі грамадства стаць на шлях духоўнай пілігрымкі ў месца нараджэння Збаўцы, "бо там чакае Езус, які хоча сустрэць і напоўніць кожнага з нас сваім святлом і любоўю". Таксама іерарх акцэнтаваў увагу на асобе св. Юзафа, які "сутыкаецца з канкрэтнымі праблемамі сваёй сям’і – гэтак жа, як сёння многія сем’і ў свеце". Арцыпастыр дадаў, што "Адвэнт – добрая нагода для кожнага нанава аддаць сябе хрысціянскаму пакліканню, якім адорвае Бог".

Прадстаўнікі Caritas перадалі другую партыю гуманітарнай дапамогі мігрантам на мяжы. 23 лістапада 2021 г. прадстаўнікі гэтага дабрачыннага каталіцкага таварыства сумесна з прадстаўнікамі іншых канфесій перадалі дапамогу людзям, якія сталі ахвярамі міграцыйнага крызісу. Цяпер яны размешчаны ў транспартна-лагістычным цэнтры, што стаў часовым прытулкам для людзей з краін Блізкага Усходу, сярод якіх нямала жанчын і дзяцей. Дапамога будзе размеркаванa сярод патрабуючых.

Біскуп Гродзенскі благаславіў зямлю пад будаўніцтва новага касцёла ў абласным цэнтры. 21 лістапада 2021 г., ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету, у мікрараёне Баранавічы ў Гродне біскуп Аляксандр Кашкевіч благаславіў зямлю і ўсталяваны на ёй крыж. Будоўлю тут распачынае парафія бл. Мар’яны Бярнацкай. Сярод удзельнікаў урачыстасці былі святары, сёстры законныя, а таксама прадстаўнікі суседняга праваслаўнага прыхода на чале з настаяцелем. У намёце на месцы, дзе будзе ўзведзены касцёл, біскуп Кашкевіч цэлебраваў першую св. Імшу.

Выйшла першая кніга выдавецкай серыі Святыні Вялікага Княства Літоўскага – яна прысвечана Грэка-Каталіцкай Царкве. У год, калі адзначаецца 425-годдзе Берасцейскай уніі, кнігу падрыхтаваў Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. У зборніку апублікаваны апісанні 338 цэркваў на тэрыторыі цяперашняй Беларусі за перыяд канца XVII ст. Асноўны масіў апрацаваных і прадстаўленых у кнізе дакументаў выявілі ў фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі і Расійскага дзяржаўнага гістарычнага архіва.

На Наваградчыне правялі пілігрымку, каб перапрасіць за грэх аборту. 52 белых крыжа, з якімі 20 лістапада 2021 г. удзельнікі пілігрымкі выйшлі ў шлях з Навагрудка ва Уселюб, сімвалізуюць сумную статыстыку – па некаторых дадзеных, штодня ў Беларусі ад абортаў забіваецца 52 дзіцяці. Пілігрымка адбылася ў межах міжнароднага малітоўнага кангрэсу У абарону жыцця. Падчас пілігрымкі вернікі маліліся ўсімі чатырма часткамі Ружанца, Вяночкам да Божай Міласэрнасці, таксама прамаўлялі сведчанні. Кангрэс пачаўся 18 лістапада - у гэты дзень 101 год таму камуністычныя ўлады першымі ў свеце легалізавалі аборты.

У Мінску адзначылі Сусветны дзень моладзі. Урачыстую цэлебрацыю 21 лістапада 2021 г. з нагоды XXXVI Сусветнага дня моладзі ўзначаліў у архікатэдры Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Разам з ім маліліся Генеральны вікарый архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і адказны за моладзь кс. Андрэй Бурак. Арцыпастыр перадаў маладым беларускім католікам просьбу папы Францішка – зрабіць Касцёл маладым сваёй прысутнасцю ў ім, сваёй маладосцю, планамі і пытаннямі. Іерарх запрасіў маладых людзей духоўна ўстаць і даць сведчанне любові і павагі, якія можна ўвесці ў чалавечыя адносіны, у сямейнае жыццё, у дыялог паміж бацькамі і дзецьмі, маладымі і старымі.

У Лідзе з удзелам біскупаў адзначылі 100-годдзе служэння сясцёр з Кангрэгацыі дачок Марыі Беззаганнай. 21 лістапада 2021 г. павіншаваць сясцёр прыбылі арцыбіскуп-эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, святары і шматлікія вернікі. Заслужаны іерарх цэлебраваў св. Імшу і павіншаваў сясцёр з юбілеем, падзякаваў ім за ахвярнае служэнне на ніве Хрыстовай.

Трансляцыі св. Імшы з мінскай архікатэдры аднаўляюцца на Беларускім радыё. Першы эфір запланаваны на бліжэйшую нядзелю – 28 лістапада 2021 г., калі католікі пачнуць перажываць Адвэнт. Цэлебрацыю ўзначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Пачатак у 8.15. Трансляцыі будуць штотыднёвымі і аднаўляюцца пасля больш чым гадавога перапынку - па шматлікіх просьбах вернікаў і пры садзеянні Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

27 лістапада 2021, 10:42