Пошук

Vatican News
Падчас пасяджэння епіскапату ЗША ў Балтымары Падчас пасяджэння епіскапату ЗША ў Балтымары 

Нунцый у ЗША пра сінадальнасць і “ідэалогію sacrum”

Эўхарыстыя з’яўляецца дарам, яе нельга ўспрымаць як штосьці, што належыць нямногім прывілеяваным, - указаў падчас сустрэчы епіскапату ЗША, якая праходзіць у Балтымары, Апостальскі нунцый у краіне.

Ян Глінскі - Vatican News

“Мы павінны разам спяшацца да тых, хто не мае тэалагічнай фармацыі і досведу сустрэчы з жывым Богам, падтрымліваючы іх у перажыванні цяжкасцяў”, - адзначыў абп. Крыстоф П’ер.

Прадстаўнік Папы таксама перасцярог ад празмернай сканцэнтраванасці на літургічных формах, каб у выніку не прапусціць сапраўдную сустрэчу з Хрыстом, укрытым у постацях хлеба і віна. “Ніводнае тэалагічнае разважанне не заменіць жывога досведу эўхарыстычнай таямніцы, якая спазнаецца праз практычнае адзінства супольнасці Касцёла”, - падкрэсліў іерарх.

Апостальскі нунцый у ЗША заклікаў сур’ёзна паставіцца да пытання сінадальнасці, каб перамагчы падзелы ў грамадстве і Касцёле. Як адзначыў, шлях да будучыні Касцёла павінен прадугледжваць адзінства, бо падзелены Касцёл не зможа весці іншых да глыбокай еднасці з Хрыстом. “Сінадальнасць дапамагае нам не трапіць у пулапку “ідэалогіі sacrum”, - дадаў іерарх.

Абп. П’ер падкрэсліў, што Касцёл не можа адмовіцца ад абароны фундаментальных перакананняў, як напрыклад, ад змагання за новае жыццё, але сінадальнасць запрашае таксама паспрабаваць даць адказ, чаму так шмат жанчын сёння імкнецца перарваць цяжарнасць і якія прычыны такога выбару.

Біскупы Амерыкі 17 лістапада 2021 г. зацвердзілі дакумент на тэму Эўхарыстыі, у якім не згадваецца праблема прыняцця св. Камуніі палітыкамі, якія падтрымліваюць аборты. У дакуменце аднак адзначаецца, што католікі, якія займаюць дзяржаўныя пасады, нясуць асаблівую адказнасць за захоўванне прынцыпаў веры.
 

19 лістапада 2021, 11:16