Пошук

Арцыбіскуп Тэадорас Кантыдзіс Арцыбіскуп Тэадорас Кантыдзіс 

Арцыбіскуп Кантыдзіс: Папа ў Грэцыі – заклік адкрыцца да Бога

Візіт Папы ў Грэцыю стане заклікам да веры, - лічыць каталіцкі арцыбіскуп Афін Тэадорас Кантыдзіс. “Словы Францішка тычацца Хрыста і Евангелля, гэта заклік да адкрытасці на Бога і бліжняга”, - дадаў ён.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Каментуючы абвешчанае некалькі дзён таму папскае падарожжа, іерарх прызнаў, што яно вельмі патрэбна католікам у Грэцыі для ўмацавання ўласнага адзінства і кантактаў з Паўсюдным Касцёлам. Каталіцкая супольнасць у краіне складаецца з самых розных груп. Акрамя карэнных грэкаў, у яе ўваходзяць палякі, албанцы, філіпінцы, афрыканцы. Арцыбіскуп падкрэсліў, што сёння тут вельмі добрая атмасфера для папскага візіту.

“Першая паездка Пантыфіка ў Грэцыю адбылася 20 гадоў таму. Візіт Яна Паўла ІІ быў нечым зусім новым. Усім было цікава, што з гэтага атрымаецца, было шмат страхаў. Урэшце ўсё атрымалася і страхі, якія былі спачатку, хутка зніклі. Францішак ужо быў на грэчаскім востраве Лесбас. Сёння ён добра вядомы ў краіне і карыстаецца тут вялікай папулярнасцю. Грэкі цэняць яго дзейнасць у свеце і яго сведчанне. Таму я лічу, што прысутнасць Папы будзе важнай і для некатолікаў”, - падзяліўся арцыбіскуп Афін у інтэрв’ю Vatican News.

Спасылаючыся на анонс новага візіту Папы на востраў Лесбас, іерарх прызнаў, што сёння няма такога моцнага ціску на межы Грэцыі, як у 2016 г. Магчыма, Францішак хоча чарговы раз звярнуць увагу і Грэцыі, і ўсёй міжнароднай супольнасці на праблему міграцыі, - падзяліўся меркаваннем арцыбіскуп Афін.
 

11 лістапада 2021, 11:55