Пошук

Кард. Аўгуста Паола Лаюдзічэ Кард. Аўгуста Паола Лаюдзічэ 

Кардынал: Fratelli tutti – энцыкліка пандэміі

Хоць Папа, пішучы Fratelli tutti, не мог ведаць пра пандэмічны крызіс, дакумент назаўсёды застанецца энцыклікай пандэміі, - лічыць кард. Аўгуста Паола Лаюдзічэ.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Іерарх выступіў падчас веронскага Фестывалю сацыяльнага вучэння Касцёла, прысвечанага сёлета наступствам пандэміі. Паводле арцыбіскупа Сіенскага, крызіс яшчэ больш яскрава паказаў слушнасць аналізу, праведзенага Францішкам у Fratelli tutti, і неабходнасць усеагульнага братэрства. Таму энцыкліку можна лічыць прарочым дакументам.

Размаўляючы з Vatican News, кард. Лаюдзічэ таксама ўказаў на нязменную ролю сям'і ў будаўніцтве будучыні. “Зразумела, што традыцыйная мадэль сям'і застаецца галоўным і абсалютным арыенцірам. Мы ў гэтым перакананыя. Аднак сёння гэты інстытут знаходзіцца ў крызісе, бо ідэя любові ўсё больш і больш ставіцца пад сумнеў. У той жа час уводзяцца іншыя формы сужыцця, якія так ці інакш уздзейнічаюць на фундаментальную структуру сям'і. Аднак для нас сям'я застаецца цэнтральнай і абсалютнай”, - падкрэсліў італьянскі іерарх.

Лаюдзічэ перакананы, што ў такой сітуацыі неабходна падтрымліваць у моладзі “жаданне ствараць сям’ю такой, якой яна павінна быць, як заўсёды вучыў нас Касцёл, як гэтае паказвае нам Аб’яўленне”. Ён разумее, што "гэта цяжкі і патрабавальны шлях”, але Касцёл павінен рабіць усё, што яго сілах, каб адбывалася менавіта так.
 

29 лістапада 2021, 11:40