Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Біскупы ЗША прынялі дакумент аб Эўхарыстыі ў жыцці Касцёла

Епіскапат ЗША на сваім пленарным пасяджэнні, што праходзіць у Балтыморы, прыняў дакумент, у якім гаворыцца пра асаблівую адказнасць католікаў, надзеленых уладай, за захаванне вучэння Касцёла.

Аляксандр Панчанка – Vatican New

Дакумент “Таямніца Эўхарыстыі ў жыцці Касцёла” быў прыняты 17 лістапада 2021 г. пасля некалькіх месяцаў дыскусій і двух дзён гарачых дэбатаў. Для яго ўхвалення было дастаткова дзвюх трэцяў галасоў, але іх аказалася нашмат больш: 222 біскупы прагаласавалі за, 8 – супраць, 3 – устрымаліся.

Ідэя тэксту была прапанавана пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 г. некаторымі іерархамі, якія ўбачылі неабходнасць заняць выразную пазіцыю ў адносінах да “прэзідэнта-католіка, які выступае супраць вучэння Касцёла”. Гаворка ішла пра прызнанне законнасці абартыўных практык Джо Байдэнам, другім католікам на пасадзе Прэзідэнта ЗША ў гісторыі.

У дакуменце, прынятым біскупамі, не ўтрымліваецца выразных спасылак на якога-кольвечы канкрэтнага палітыка і не разглядаецца мэтазгоднасць адмаўлення ў прыняцці св. Камуніі грамадскім дзеячам, якія прытрымліваюцца пазіцый, што не адпавядаюць этычнаму вучэнню Касцёла. Аднак, у ім сцвярджаецца, што “католікі, якія займаюць кіраўнічыя пасады, нясуць асаблівую адказнасць за захаванне вучэнне Касцёла”.

У тэксце падкрэсліваецца, што асобы, якія прымаюць св. Камунію, нават адмаўляючы вучэнне Касцёла ў сваёй грамадскай дзейнасці, “правакуюць скандал і аслабляюць рашучасць іншых католікаў быць вернымі патрабаванням Евангелля”. У сувязі з гэтым паасобным біскупам даручаецца “асаблівае заданне выпраўляць сітуацыі, выкліканыя публічнымі дзеяннямі, што супярэчаць бачнаму адзінству Касцёла і маральнаму закону”.

Удзельнікі пленарнага пасяджэння прынялі параду Святога Пасаду пазбягаць асуджэння, якое магло б стаць “крыніцай рознагалоссяў”, аб чым пісаў у адмысловым лісце да амерыканскіх біскупаў кардынал Луіс Ладарыя Фэрэр, прэфект Кангрэгацыі Веравучэння. Акрамя таго, у ходзе падрыхтоўкі дакумента некаторымі каталіцкім іерархамі ў ЗША выказвалася перасцярога, што Эўхарыстыя можа быць выкарыстана як “зброя ў палітычнай барацьбе”.

Дакумент, ухвалены епіскапатам, выходзіць за рамкі пытання аб св. Камуніі для католікаў у палітыцы і галоўным чынам паказвае ролю Эўхарыстыі ў жыцці Касцёла і крытэрыі, паводле якіх удзяляецца св. Камунія. На яго 30-ці старонках распавядаецца пра значэнне Эўхарыстыі і яе здольнасць змяняць жыццё чалавека.

Акрамя таго, біскупы далі пачатак трохгадовай кампаніі, накіраванай на “эўхарыстачнае абуджэнне”, якая прадугледжвае распрацоўку новых дыдактычных матэрыялаў, фармацыю дыяцэзіяльных і парафіяльных лідараў, стварэнне адмысловага сайта і скіраванне 50-ці спецыяльна падрыхтаваных святароў у 50 амерыканскіх штатаў з мэтай “прапаведвання Эўхарыстыі”. Завершыцца кампанія Нацыянальным эўхарыстычным кангрэсам, які адбудзецца ў чэрвені 2024 г. у Індыянапалісе.

18 лістапада 2021, 11:48