Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Пастырскае пасланне з нагоды афіцыйнага ўступлення на пасаду скіраваў арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. 30 кастрычніка 2021 г. адбываецца ўрачысты ўваход арцыбіскупа Юзафа Станеўскага ў магілёўскую катэдру Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава. У сваім пасланні з заахвочваннем супольна крочыць з Хрыстом іерарх паасобна звярнуўся да вернікаў, дзяцей і моладзі, духавенства, семінарыстаў і міністрантаў. У прыватнасці, Мітрапаліт заклікаў моладзь “учыніць наш Касцёл маладым і дынамічным”.

Апостальскі нунцый павіншаваў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт са 100-годдзем з часу заснавання. Арцыбіскуп Антэ Ёзіч выказаў прафесарска-выкладчыцкаму складу, студэнтам і выпускнікам гэтай навучальнай установы шчырыя пажаданні дасягаць новых вышыняў дзеля дабра ўсяго беларускага грамадства. Прадстаўнік папы Францішка адзначыў, што Каталіцкі Касцёл з даўніх часоў надае вялікую ўвагу навуцы і адукацыі і падтрымлівае асветніцкую дзейнасць, якая вядзе чалавека да пазнання вышэйшай Праўды.

У Брэсце праходзіць выстава на тэму уніі на Палессі. Экспазіцыя распавядае пра грэка-каталіцкіх місіянераў, прапаведнікаў і вызнаўцаў веры ХХ стагоддзя. Да 425-х угодкаў Берасцейскай царкоўнай уніі мастачка Ганна Цімашук стварыла шэраг партрэтаў выдатных асоб Грэка-Каталіцкай Царквы, якія аддана служылі і прапаведавалі на Заходнім Палессі ў міжваенны час і пазней падтрымлівалі жыццё Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ў эміграцыі. Экспазіцыя працуе ў царкве святых апосталаў Пятра і Андрэя ў абласным цэнтры.

У дзень сваіх імянінаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў Хрысціянскі сацыяльны цэнтр у Мінску. 28 кастрычніка 2021 г., ва ўспамін святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша, заслужаны іерарх памаліўся разам з дзецьмі, падапечнымі і супрацоўнікамі. Прысутныя павіншавалі імянінніка, заспявалі песню і ўручылі падарунак, зроблены сваімі рукамі. Таксама арцыпастыр сустрэўся з удзельнікамі суполкі Самаранін, створанай для падтрымкі людзей з абмежаванымі магчымасцямі і іх сем’яў.

Копіі цудадзейных абразоў Маці Божай з беларускіх санктуарыяў наведалі парафію ў Гальшанах. Нагадаем, улетку экспазіцыю правозілі ў пілігрымцы па ўсёй Беларусі, а цяпер яна прыбыла ў Ашмянскі дэканат Гродзеншчыны. У гальшанскай парафіі св. Яна Хрысціцеля вернікі мелі час на індывідуальную і супольную малітву перад абразамі Панны Марыі. Ініцыятарам гэтай малітоўнай акцыі стаў пробашч мінскай парафіі св. Сымона і св. Алены кс. канонік Уладзіслаў Завальнюк.

У Мінску і Гомелі Caritas навучыла людзей ва ўзросце 55+ кампутарнай пісьменнасці ў кантэксце COVID-19. У каталіцкіх парафіях дабрачынная арганізацыя правяла мерапрыемства з актыўнымі людзьмі ва ўзросце. Валанцёры інфармавалі аб неабходнасці захавання мер бяспекі падчас новай хвалі каронавірусу, раздавалі сродкі індывідуальнай бяспекі, правялі трэнінг па кампутарнай пісьменнасці. Актыўныя людзі ва ўзросце 55-75 гадоў даведаліся пра тое, як мінімізаваць кантакты і не выходзячы з дому рабіць неабходныя плацяжы, самастойна замаўляць прадукты і іншыя рэчы першай неабходнасці, як выбраць лекі, як замовіць онлайн талоны да лекара.

Падрыхтавана паводле catholic.by, grodnensis.by і ўласнай інфармацыі.

 

30 кастрычніка 2021, 07:44