Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд значных падзей, якія адбыліся ў Касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Aпостальскі нунцый арцыбіскуп Антэ Ёзіч наведаў Гродна. 25 верасня 2021 г. у гродзенскім касцёле Адшукання Святога Крыжа адбылася св. Імша, на якой шасцёра студэнтaў трэцяга курса Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне атрымалі духоўны строй – сутану. Гэтай Імшой распачаўся навучальны год у семінарыі. Літургію ўзначаліў Апостальскі нунцый, які і благаславіў сутаны студэнтаў. У той жа дзень прадстаўнік Папы наведаў катэдральны касцёл св. Францішка Ксаверыя, дзе памаліўся перад цудадзейным абразом Маці Божай Кангрэгацкай.

Будслаўскую базыліку цалкам накрылі часовым дахам, папярэдне ўсталяваўшы кроквавую сістэму. Новыя кроквы не толькі нясуць дах, але і з’яўляюцца своеасаблівымі сцяжкамі для скляпенняў у верхняй частцы будынку. Пробашч парафіі ў Будславе кс. Дзмітрый Дубовік патлумачыў, чаму зрабіць новы дах з медзі не атрымалася адразу: “Не хапала часу і сродкаў. Для меднага даху, які, дарэчы, вельмі дорага каштуе, спатрэбіцца таксама драўлянае акратаванне, і ўжо на яго будзе насцілацца чарнавы дах і медзь”. Часовы дах – з ацынкаванага прафіляванага насцілу. Пробашч спадзяецца, што да ўрачыстасці Усіх Святых, якая адзначаецца 1 лістапада, у касцёле адновяцца набажэнствы.

У катэхетычным каледжы імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах з удзелам Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі ўрачыста распачалі новы навучальны год. 25 верасня 2021 г. разам з ардынарыем святочную Эўхарыстыю цэлебравалі Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек, канцлер курыі Пінскай дыяцэзіі кс. Андрэй Рылка, былы і цяперашні дырэктары навучальнай установы. Баранавіцкі каледж – найстарэйшая ў Беларусі афіцыйна зарэгістраваная навучальная ўстанова такога роду. Навучанне ў ім дае магчымасць не толькі пашырыць свае тэалагічныя веды, увайсці ў больш цесны кантакт з Богам, але таксама навучыцца дзяліцца гэтымі ведамі і верай з іншымі.

У Шклове амаль праз 100 гадоў зноў гучыць арган. Прэзентацыя інструмента адбылася 29 верасня 2021 г. у касцёле св. Пятра і Паўла. Перад св. Імшой арган благаславіў старшыня беларускага епіскапату біскуп Алег Буткевіч. Інструмент парафія набыла дзякуючы дабрадзеям і неабыякавым людзям з Германіі. За іх, а таксама за ўсіх, хто дапамагаў і садзейнічаў таму, каб арган апынуўся ў шклоўскай святыні, парафіяне памаліліся падчас св. Імшы, якую ўзначаліў біскуп Буткевіч.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч перасцярог, што веру, якую продкі захавалі ў часы ганенняў, сучаснае пакаленне можа страціць. 29 верасня 2021 г. у касцёле Св. Арханёла Міхала ў Івянцы іерарх узначаліў цэлебрацыю адпустовай св. Імшы. У гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў, што летась, калі ў Беларусі пачаўся грамадска-палітычны крызіс, ва ўсіх дыяцэзіях адбылася вялікая перэгрынацыя фігуры св. Арханёла Міхала. “Такім чынам мы маліліся аб мірным вырашэнні крызісу. Сёння мы давяраем сябе, нашыя сем’і, парафіі і Радзіму гэтаму магутнаму нябеснаму апекуну, нашаму заступніку“, - адзначыў арцыпастыр. Паводле яго, маральныя анамаліі сучаснасці сведчаць пра тое, што “мы не змагаемся за Божую праўду, часта ігнаруем яе ў імя паліткарэктнасці і дзеля ўласнага камфорту“. Іерарх падкрэсліў, што “гэта знак крызісу нашай веры, таму “веру, якую нашыя продкі захавалі ў часы ганенняў, мы можам страціць“.

Першы ў Беларусі святар-афрыканец служыць у Гомелі. 29 верасня 2021 г., у свята св. Арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала, вернікі гомельскай парафіі Унебаўзяцца Найсвяцейшай Панны Марыі павіншавалі з імянінамі а. Майкла Уйяммаду Окіка. Ён – святар-манах з ордэна св. Паўла, першы пустэльнік і першы каталіцкі святар-афрыканец, які служыць у Беларусі. Айцу Майклу 61 год, ён родам з Нігерыі, а стаў святаром усяго два гады таму. Сёлета прыехаў у беларускі Гомель – бо ў тутэйшай маладой парафіі, якая будуе новы касцёл, была патрэба ў вікарыі. Святар ведае рускую мову і вучыць беларускую, таксама служыць святую Імшу па-ангельску для замежных студэнтаў-католікаў.

Падрыхтавана паводле catholic.by, grodnensis.by, 6tv.by і ўласнай інфармацыі.
 

02 кастрычніка 2021, 08:00